Пантофля Мнемазіны. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
Усяго два. Апошні, ён жа другі, зараз чакае ў маёй кватэры. Згатаваў вячэру, хвалюецца, ці дазволю застацца нанач. Але на яго можаце не зважаць. Мацейка з тых, каго называюць «запасны варыянт». Адданы, бяскрыўдны, сябар дзяцінства, выганяй – вернецца, лекі ад самоты.
Не магу нават сказаць, што сем год таму больш мяне напаўняла – гора ці крыўда на няўдалага сужэнца. Мусіць, крыўды было больш – як ён мог так вось мяне кінуць? Што за выдумкі з бізнесам? Ніводнай рэчы Віталевай я не захавала, акрамя прозвішча. Ну не магла развітацца назаўсёды з крумкачом, сакральнай птушкай маёй. Праз год і тры месяцы пасля нашага вяселля ўсё, што ён паспеў перавезці да мяне, перадала назад ягонай цётцы ў слаўны горад Мар’іна Горка. Да апошняга пэндзліка і апошняй фоткі. Разам з падораным на вяселле посудам і наборам пасцельнай бялізны з лебедзямі. І кола сяброў змяніла. І кола зацікаўленасцей. І больш не спрабую замовіць у кавярні «філіжанку кавы», каб пацвеліць афіцыянтку, а толькі стандартную «чашечку кофе, пожалуйста».
Дарэчы, пра каву… Хутка абед у белай пенапластавай каробцы прынясе кабета-дастаўшчыца, цётачка з бляклым строгім тварам і сціснутымі ў нітачку вуснамі. Бачылі карціну «Амерыканская готыка»? Там фермер – лысаваты мужык у круглых акулярах, пінжаку і белай кашулі, учэпіста трымае вілы, побач кабета ў сукенцы з белым каўняром і фартуху, з пакрыўджаным выцягнутым абліччам. Нічога не адбываецца – але глядзець на гэтыя напружаныя твары, сустракацца з пранізлівым, маньячным позіркам фермера з віламі аж млосна. Стыль называецца – «цяслярская готыка». У пазамінулым стагоддзі жыхары амерыканскай правінцыі імкнуліся надаць сваім драўляным дамам абрысы віктарыянскай неаготыкі. Майстрачылі на гарышчах вузкія, вострыя наверсе акенцы. Мы, маўляў, не горш, чым фанабэрыстыя ангельцы з іхнімі таўэрамі і сярэднявечнымі абацтвамі. Атрымлівалася гэткае дольчэ і габана на Ракаўскім кірмашы.
Цётачка «беларуская готыка» размаўляе толькі пра ежу: «Значыць, назаўтра на абед боршч, катлету па-кіеўску і на гарнір вараны рыс».
Белая каробка на маім стале выпраменьвае агідны пах смажанай рыбы. Хек у цесце. Я прабіваю мёртвую марскую істоту пластыкавым відэльцам, нібы караю за сталоўскі пах, і ўтаропліваюся ў манітор, ігнаруючы паштовую скрыню, якая забітая пасланнямі маіх аўтараў. Гэта з паралельнага свету, гэта дома разбяру… Прабягаю стужку навін. Самыя папулярныя – пра ўзаемаадносіны казла Цімура і тыгра Амура. Вы, спадзяюся, у тэме? Казла кінулі тубыльцу Прыморскага парка-сафары ў якасці чарговага абеду. Аднак рагач выявіўся баявітым, даў тыгру адлуп… У выніку паласаты Амур перастаў успрымаць таго як ежу і знайшоў у ім роднасную душу. У казле. «Я плакаль».
Узаемаадносіны траваежнага і драпежніка скарылі сэрцы і запаланілі розумы. Здаецца, недурныя людзі спрачаліся, хто каго з’есць, ці займаюцца яны сэксам. Вядомы дрэсіроўшчык Запашны змрочна абвяшчаў, што ў тыгра прачнуцца інстынкты, козлік мэкнуць не паспее. Другія патрабавалі ўсіх выпусціць на волю. Казла, тыгра, львоў, арлоў, курапатак і тых, хто ў нетрах акіяна…
«Вось