Пантофля Мнемазіны. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
арганізавалі Магістру сустрэчу з самім начальнікам аддзела па барацьбе з сабатажам, таварышам Рыгорам Піліпавічам Самусем. Былым рыцарам Ордэна захавальнікаў. Які здабыў у сістэме дзяржбяспекі мянушку Касталом і рэпутацыю чалавека непадкупнага, вернага сталінца і непераўзыдзенага дазнавальніка.
Праўда, Малгося, якая працавала ўрачом у вайсковым шпіталі, сцвярджала, што Рыгору ні ў якім разе не варта было займаць пасаду, дзе ёсць нервовая напруга і дзе ён мае ўладу над людзьмі. Яму пралячыцца добра трэба. Атрыманыя на вайне пашкоджанні прагрэсуюць. Рэм і бачыў падчас усё радзейшых сустрэч, што сябрук раптам робіцца сам не свой, вочы пустыя, як гільзы, праз сціснутыя сківіцы толькі адно: «Сволачы. Ворагі. Недабіткі праклятыя». А яшчэ чуў Рэм ад таго-сяго з саслужыўцаў, што гэткі стан – нічога, яшчэ нармальна для Касталома. Вось калі ў яго сапраўды штось перакліньвае ў галаве, асабліва падчас допытаў…
Але Цвічок адмахваўся. У ягонай натуры, на шчасце ці няшчасце, такое было: прапускаць міма вушэй непрыемнае, тое, што разбурае звыклую карціну свету. Ну які Рыгор Касталом? Ён герой, які можа захінуць сабою сябра ад кулі, з адным пісталетам бяжыць на ўзвод фашыстаў… Добры, верны Рыгорка… Як шкадаваў, што ім не васямнаццаць, не бяруць на фронт! Калі сям’ю сакратара гаркама эвакуявалі сярод першых, збег, застаўся са сваім Ордэнам захавальнікаў, каб усім разам далучыцца да чырвонаармейцаў. Хто ж ведаў, што апынуцца ў акупацыі… І Корвуса выратаваў, пасля вайны ўжо, калі таго хацелі арыштаваць як фашыстоўскага паслугача. Усім сумнеўным даў перцу з імберцам, даказваючы, што Люцыян працаваў у немцаў перакладнікам па заданні партызан. Сведкаў прывёў, дабраўся ў маскоўскі шпіталь да камандзіра партызанскай брыгады, які з Магістрам справы вёў. Урэшце Корвуса нават узнагародзілі медалём «За адвагу» – але тут нічога не скажаш, заслужыў. Калі сышоў у атрад, колькі жыццяў выратаваў, як доктар, і колькі адняў, як жаўнер… Рэм таксама мае на сабе дзве латкі Корвуса – той зашываў яму раны на правым баку і на левай лытцы.
Цяпер жыццё лёгка падзяліць на серыі, як кінастужку. Да вайны. Ад пачатку вайны да вызвалення Старавежска. Ад прыходу нашых – да Перамогі.
Старавежск… Дымяцца руіны… Танкі з чырвонымі зоркамі… Корвуса ўзялі на працу ў палявы шпіталь. Малгося і Жэнька запісаліся на курсы санінструктараў. Рэм – на фронт. Рыгор – на камандзірскія курсы. Шляхі рыцараў Ордэна захавальнікаў нібыта разышліся назаўсёды. Але пасля Перамогі Рэма знайшла ў вайсковай частцы паштоўка: Рыгор і Жэнька запрашалі на вяселле ў Менск!
Якой файнай яны былі парай, маладыя героі! Таненькая, яснавокая Жэнька з тоўстай касою, якую яна ўмудрылася захаваць праз усю вайну, прыгожая, як артыстка, і плячысты, упэўнены Рыгор з буйным цёмным чубам, з ордэнамі на афіцэрскім кіцелі… Маладая сям’я атрымала службовую кватэру ў сталіцы, у ацалелым ад бамбёжак доме ў Траецкім прадмесці. Рэм некалькі разоў у іх начаваў – нішто сабе харомы, нават з паркетам і ляпнінай на столі, у лазенцы – цэлы басейн, а не ванна. Праўда,