На дняпроўскім лузе. Міхась СліваЧитать онлайн книгу.
на бацькаву і матчыну магілы. Добра, што там, у іх роднай вёсцы Слаўнае, і людзі такія ж – слаўныя: працавітыя, гаспадарлівыя, спагадлівыя. Гэта ж можна толькі ганарыцца – да апошняга часу не было ніводнага п’яніцы! А ў гады вайны вёска была партызанскай, за што фашысты і спалілі яе разам з жыхарамі.
Зараз тут шануюць памяць аб загінуўшых у вайну і памерлых у мірны час: штогод напярэдадні Радаўніцы ўсе, хто яшчэ можа працаваць, прыходзяць на могілкі і дружна, грамадою наводзяць парадак. Нават калі ў кагосьці не атрымліваецца прыехаць здалёк, можна не хвалявацца – на могілках заўсёды чыста. Нават больш таго – і навокал, за агульнай агароджай, парадак. Нездарма Максім прывозіў сюды, у маляўнічы сасоннік на краю вёскі, некаторых раённых кіраўнікоў, каб паказаць, як можна ўтрымліваць гэтае святое месца, нават калі ў вёсцы засталося мала жыхароў…
Дык вось зямляк і прасіў Максіма напомніць Фёдару пра яго сыноўні абавязак. Максім тут жа набраў хатні нумар сябра, але тэлефон не адказваў. Тады ён пазваніў яму на працу. «Фёдар Іванавіч у адпачынку. Званіце праз месяц», – пачуўся ветлівы голас сакратаркі.
Максім яшчэ некалькі разоў спрабаваў патэлефанаваць Фёдару, але, напэўна, у таго змяніўся нумар. Аднойчы, ранняй вясной, будучы па справах у абласным цэнтры, зайшоў на кватэру да сябра дзяцінства. Адчыніла яго жонка, Клава.
Максім ведаў яе яшчэ з маладосці, калі Фёдар толькі пазнаёміўся з ёй. Быў і на вяселлі ў іх. Потым нярэдка сустракаліся. Клава ўсё жыццё нідзе не працавала, бо выхоўвала дзвюх дачок. Хаця, чаго крывіць душой, магчымасць ісці працаваць была, ды яшчэ якая: Фёдар забраў сваю маці да сябе, тая рыхтавала абеды, глядзела дзяўчынак. Але Клаве – па адукацыі тэхніку-тэхнолагу хімічнай прамысловасці – страшна было распачынаць сваю працоўную дзейнасць, і яна абівала бакі, сноўдалася па кватэры. Балазе, кватэра чатырохпакаёвая, месца хапала. Клава, на выгляд ціхая, спакойная, хутка на Фёдара надзела аброць. Як кажуць, у ціхім балоце чэрці водзяцца…
Фёдараў бацька памёр рана. А ў маці, якая хоць і стала жыць у сына бесклапотна, як у вёсцы казалі, у «шайнасці», нечакана выявілася невылечная хвароба. Тады ў Клавы закруціла ў носе, паставіла Фёдару ўмову: мне твая маці не патрэбна, з бальніцы да сябе ў кватэру не пушчу, бо раптам заражуся!
Фёдара выручыла стрыечная сястра Ганна, якая жыла ў іншай вёсцы адна, была яшчэ пры сіле. Завёз Фёдар сваю маці туды, хоць сэрца і шчымела.
Максім у той час жыў далёка ад родных мясцін, не ведаў усіх падрабязнасцей. А калі нарэшце сустрэў Фёдара, той, на добрым падпітку ў гонар сустрэчы, па сакрэту сказаў: «Пастаўлю на ногі дачок – і скажу «Бывай!» сваёй Клаўдзіі Анісімаўне за яе такія адносіны».
Хаўтуры справіла пляменніца маці Фёдара, Ганна. Прыехала і Клава. Спрабавала нават пусціць слязу, але гэта выклікала толькі прыкрасць і злосць у тых, хто быў побач.
Час бяжыць хутка. Не стала на свеце і Ганны. Фёдара, як высветлілася пазней, жонка на пахаванне стрыечнай сястры не пусціла.
…Пакуль