Мае дзевяностыя. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
разьмеркавалі ролі: хто з нас Сталін, хто Молатаў, хто Бэрыя, хто Малянкоў… Пасьмяяліся і забылі. А да Лаўрэнція, «в міру» Сяргея – мянушка прыліпла. Мы сябравалі да 2001-га. Дзе ён цяпер – хто ведае.
«Чудо»
Што да мяне – думаю, я быў сярод нас менш за ўсё зьвязаны з грамадзтвам, з тым, чым жыла большасьць. Усё ж мае сябры не зьбіраліся канчаткова супрацьпастаўляць сябе свайму атачэньню, у іх былі нейкія агульныя з аднагодкамі інтарэсы, звычкі, іх лічылі больш-менш нармальнымі, прытомнымі, сур’ёзнымі пацанамі. А я… Я наўмысна імкнуўся ізаляваць сябе ад усяго, што аб’ядноўвала шабаноўскую моладзь таго часу, я культываваў у сабе ізгойства, непадабенства, асобнасьць, я не хаваў, што не хачу быць такім, як яны. Лепш за ўсё мне было з маімі кнігамі і з гітарай. У сьвеце, які я для сябе прыдумаў. Дзяўчаты пагардліва-замілавана казалі пра мяне: «Наше чудо». Я нічога ня меў супраць. Я мог прыдумаць такое, што ім і ня сьнілася. І тое, што пра гэта мала хто ведаў, напаўняла мяне гордасьцю. «Наше чудо». Добра, ня буду занадта прыніжаць сябе: былі дзяўчаты, якія прамаўлялі гэтыя словы ня толькі з пагардай або іроніяй, але і зь пяшчотаю.
Тым ня менш мы з Максам, Лаўрэнціем, Славам і Лёхам трымаліся разам, і ў гэтым, як ні круці, была нейкая сіла. Усе мы нешта пісалі: вершы, песьні… Напісаўшы, беглі паказваць іншым, на лесьвіцы нашых панылых бэтонных скрыняў, да сьмецьцеправодаў і брудных вокнаў загрувашчаных куфрамі пляцовак – чакалі крытыкі і падтрымкі. Гэта была нейкая апантанасьць творчасьцю – не пісаць сваё было сорамна. Пазьней, ужо пасьля заканчэньня школы, тая нястрымная графаманія і тое трэньканьне на нашых першых гітарках прывялі да стварэньня розных музычных праектаў: у мяне будзе расьпі…йская і панкаўская «Правакацыя», дзе Макс грацьме на гітары, у самога Макса блюзава-постпанкавае «Начало конца», дзе я вазьму ў рукі бас, у Славы – цяжкая, гатычная і безнадзейна сур’ёзная «Divina Enema», Лёха рабіў нам маральную падтрымку, а «брат Лаўрэнцій» пэрыядычна граў на сола-гітары то ў Макса, то ў мяне… Блытаніна, якой ніхто ўжо ня дасьць рады. Бляск і ўбоства, блюз і панк. Бля, як гэта было даўно.
Але «сур’ёзнае» музыцыраваньне пачалося пазьней, у студэнцкія часы. А пакуль што мы, школьнікі, зьбіраліся то ў кагосьці дома, то на вечна паўцёмных пляцоўках і пад гудзеньне сьмярдзючых ліфтоў (сцаць у ліфтах сярод дарослага насельніцтва Шабаноў было модна) дралі струны і сьпявалі тэксты ўласнага сачыненьня. Што мы рабілі яшчэ? Ні алькаголю, ні цыгарэт у нас у тыя школьныя гады я асабліва не прыпомню – а вакол нюхалі клей і пілі сьпірт і ласьёны. Усё ж мы належалі да культурных, хоць і вельмі непаслухмяных хлопчыкаў. Былі песьні, якімі мы задзяўблі ўсіх суседзяў, было абмеркаваньне прачытаных кніжак (мала чытаць было прыкметаю гопніцтва), было гарманальнае буйства, ад якога мы ўцякалі то ў эпатаж, то ў глыбокую мэлянхолію – кожны ў меру свайго тэмпэрамэнту; было штохвіліннае пацьвельваньне зь сябе і астатніх, цяпер бы сказалі: тролінг. Было жаданьне кожны дзень пражыць так, каб назаўтра мець