…І прыдбаў гэты дом. Мікола АдамЧитать онлайн книгу.
пад электрабрытву «Харкіў» у футаляры, абабітым сінім аксамітам, бацька вырашыў пайсці ў кабак. Пра тое, што лепш было б накіравацца да цёткі Груні з дзядзькам Жэнем і з імі адзначыць першы шахцёрскі заробак, не падумаў. Ён ніколі не быў яшчэ ў піцейных установах, але ведаў, дзе знаходзілася найлепшая, таму ногі самі прывялі да рэстарана, што падпіраў сваімі шклянымі сценамі кінатэатр «Юнацтва» па Ленінскай вуліцы.
Рэстаран расчараваў. У ім было досыць ціха, шэра і будзённа. Са сцяны без вокнаў на наведвальнікаў сумна пазіраў Ленін (вялікае пано з адлюстраваннем правадыра спускалася кілімам ад столі да падлогі), перажываючы, відаць, за перавод прадуктаў і фінансаў, якія ў любым выпадку ператвараліся ў пыл. Суседства з Леніным наўрад ці садзейнічала весялосці ці з’яўленню весялосці, напрыклад, у вобразе Снягуркі і дзеда Мароза. Але ж не сыходзіць, калі ўжо прыйшоў.
Бацька марудна, быццам у чаканні, што хто-небудзь раптам пакліча яго і выцягне з рэстарана, нібы з пасткі, рушыў да найаддаленага круглага століка, засланага аранжавым з махрамі дастарханам. Паркетная падлога пры гэтым рыпела пад нагамі як добра нагуталіненыя кірзавыя боты. Спыніўся каля століка, паклаў руку на спінку крэсла – металічнай канструкцыі ў выглядзе трона без падлакотнікаў, абабітага карычневым дзермацінам, і разгублена азірнуўся на нешматлікіх прысутных. Ніхто з іх не звярнуў на яго ўвагі, акрамя маладой афіцыянткі ўсходняй знешнасці. Не спяшаючыся, яна падышла да бацькі, трымаючы ў руках скураную чорную тэчку з меню.
– Тут заўсёды так? – міжволі запытаў ён яе.
– Як калі, – паціснула вуглаватымі плячыма афіцыянтка, працягнула бацьку меню. – Яшчэ рана для асноўнага наплыву, – памуляўшы вуснамі, дадала.
– Тады, – устрапянуўся бацька, абнадзеены яе словамі, – можа, я пазней зайду? – І паглядзеў на дзяўчыну так, нібы дазволу прасіў сысці.
– Як хочаце, – абыякава аднеслася афіцыянтка.
– Пайду я, – прамовіў бацька і ледзь не бегма кінуўся да выхада з установы.
Калі апынуўся на вуліцы, адчуў, што нават дыхаць стала лягчэй, чым у памяшканні рэстарана.
Ён закурыў. Да яго падышлі трое маладых людзей (казахаў) і адна дзяўчына, якія выйшлі з рэстарана следам за ім. Адзін папрасіў прыкурыць.
– Сумуеш? – спытаў затым бацьку. – Кампанія патрэбна? Можам і дзяўчыну для цябе знайсці, калі хочаш. Тут, – паказаў рукой на рэстаран, – мёртвае месца, не для рабочай моладзі, кшталту цябе, не крыўдуй толькі.
– Ведаеш, дзе маё месца? – узвіўся бацька.
– Ціха-ціха-ціха! – паміж імі ўклінілася дзяўчына, што падышла з казахамі. – Лепш за прыроду месцаў не прыдумалі, – ветліва ўсміхнулася бацьку.
– Намякаеш, што ў мяне грошай не хопіць на гэты пафасны фасад? – позірк у бок рэстарана.
Дзяўчына паціснула плячыма, працягваючы ўсміхацца. Яна не належала да казахскай нацыянальнасці, але і рускай назваць яе было цяжка.
– Не хвалюйся, хопіць! – паляпаў бацька рукамі па кішэнях, звяртаючыся,