Ордэн Прамяністых. Зміцер ДзядзенкаЧитать онлайн книгу.
загадка, вартая таго, каб паспрабаваць яе раскрыць. Але няма сумневаў і ў тым, што ёю вельмі ўважліва зоймуцца і чэкісты, што пагражае цікаўным асобам увагай з боку нашчадкаў Дзяржынскага.
Тым не менш хочацца неяк дапамагчы і хлопцу, якога так узрушыла гэтая незразумелая гібель Грацыяна Пашкоўскага. Жорсткае забойства, белая ружа… А раптам гэта нейкае рытуальнае злачынства? І ці можа ў такім разе гэтае забойства чымсьці пагражаць іншым чальцам таго гуртка, пра які прагаварыўся Камар? Калі так, то хлопец трапіў у вельмі небяспечнае становішча і дапамагчы яму трэба без усялякіх ваганняў. Прынамсі, трэба неяк асцерагчы, пагаварыць з ім пра небяспеку гэтай сітуацыі.
А для таго, каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі, ён, Хлюдзінскі, зацікавіцца навуковай спадчынай забітага Пашкоўскага, якая можа добра прыдацца да краязнаўчага музея. Вось і тлумачэнне для пабочных!
Пры гэтых думках Хлюдзінскаму падалося, быццам сонца зірнула не толькі на аблітыя чырванню і жаўцізной навакольныя вуліцы, але і дакранулася яго душы, асвятляючы яе сваімі нязыркімі восеньскімі промнямі…
Кастрычнік, 1927
Андрэя Камара ўсяго папросту калаціла ад нервавання.
Хлюдзінскі раней не бачыў такога нервовага ўзрушэння, таму спярша разгубіўся: што рабіць, чым дапамагчы непасрэдна тут і цяпер? Урэшце ён запарыў гарбаты і сунуў у рукі свайму госцю гліняны кубак з пахкім напоем.
У гэты вечар Хлюдзінскі позна затрымаўся на працы: складаў і пераправяраў вопісы на экспанаты, якія лічыліся за яго ўстановай. Праца была карпатлівая, нудная і, як кожны падобны занятак, вымагала вялікай увагі. Таму да нецярплівага гучнага грукату ў дзверы музейшчык адчуў раздражненне: давялося адрывацца на сярэдзіне дакумента, каб адчыніць неспадзяванаму госцю, якога прынесла ліхая часіна…
Але пабачыўшы ненатуральна спалатнелы твар чалавека, Хлюдзінскі сам спалохаўся і імгненна забыў, як толькі што кляў у думках няпрошанага наведніка.
Амаль з парога газетны наборшчык моўчкі сунуў у рукі музейшчыку яшчэ свежы нумар газеты, які пах друкарняй і пакідаў на руках чорныя сляды свінцовай фарбы. «Там», – толькі і змог выціснуць з сябе госць.
Газета была невялікай – чатыры старонкі. На першай, як заўжды, весткі з Масквы і Менску, заклікі рыхтавацца да дзесяцігоддзя рэвалюцыйнага Кастрычніка. Артыкулы на другой і трэцяй распавядалі пра гаспадарку Аршанскай акругі, пра падзеі грамадскага жыцця, важныя для аршанцаў, а на чацвёртай публікавалася розная драбяза, у тым ліку звесткі з крымінальнай хронікі, абвесткі пра чые-небудзь смерці ды іншыя аскепкі прыватнага жыцця, якога, як абяцаюць, у светлай камуністычнай будучыні не стане. На гэтай самай старонцы зрэдку друкаваліся нататкі самога Хлюдзінскага, прысвечаныя гістарычным знаходкам на Аршаншчыне.
Пакуль Камар піў гарбату, гаспадар двойчы перагледзеў усе матэрыялы газеты, але так і не зразумеў, што выклікала такі панічны прыступ страху ў хлопца, які прыбег да яго познім часам.
– Ну і? – запытаўся музейшчык, пабачыўшы,