Эротические рассказы

Канец адзіноты. Януш Леон ВишневскийЧитать онлайн книгу.

Канец адзіноты - Януш Леон Вишневский


Скачать книгу
будучыню, у якой бы фігураваў Якуб, – нават пра найбліжэйшую, што ахоплівала наступны тыдзень. Відавочна радавалася кожнай сустрэчы, але не пытала, калі будзе наступная і ці будзе ўвогуле. І Якуб не пытаў. Ён і цяпер не разумее чаму. Яны развітваліся і вярталіся да сваіх спраў, не ведаючы, ці сустрэнуцца зноў, бо дамаўляліся максімум на «можа быць». Чаціліся на фэйсбуку, часам абменьваліся эсэмэскамі, часам – кароткімі мэйламі, часам – паведамленнямі ў ватсапе. Але заўсёды для гэтага патрабавалася нагода. Нейкая падзея. Прэм’ера фільма, новы спектакль, «незаслуханы» канцэрт у філармоніі, «доўгачаканая» сустрэча з пісьменнікам у бібліятэцы, нейкая асаблівая лекцыя ва ўніверсітэце альбо – што апошнім часам усё часцей здаралася – у кавярні або рэстарацыі. У такіх выпадках Надзя асцярожна і вельмі далікатна пытала: «Ты можаш?», «Ці выкраіш час?», «А не хочаш?..», «Табе гэта цікава?» А потым ужо кожны раз пісала ў пастскрыптуме: «Я б хацела быць там з табой. Вельмі».

      І гэты пастскрыптум быў для яго найважнейшы. І найцудоўнейшы. Менавіта праз яго наяўнасць Якуб кожны раз хацеў, мог і выкройваў час, нават калі быў вымушаны адмяняць іншыя важныя справы, выкручваючыся, а раз-пораз і манячы. Яму заўсёды было цікава «гэта», нават калі ён не ўяўляў, каго ўбачыць у бібліятэцы, што там за лекцыя або канцэрт у філармоніі. Таму што Якуб таксама хацеў быць. З ёю. Перадусім з ёю. Дзе заўгодна. Ён таксама хацеў гэтага «вельмі». Усе тыя падзеі былі іх спатканнямі. Надзя ніколі не пытала, ці пойдзе Якуб з ёю гуляць, ці не хоча ён пабалбатаць за кавай, забегчы на сушы перад сном альбо ці думаў ён сёння пра яе. І ён таксама не пытаў, хаця сушы вельмі любіў і думаў пра яе кожны дзень, як у нервовай гарачцы.

      І яны хадзілі ў кіно і тэатр, наведвалі выставы, слухалі лекцыі і канцэрты ў філармоніі, бывалі на сустрэчах у бібліятэках. Якуб сумняваўся, што ў цэлым горадзе знойдзецца пара студэнтаў, якая акультурылася гэтак жа грунтоўна, як яны з Надзяй падчас сваіх спатканняў.

      Аднойчы вечарам ён сказаў, што кахае яе. Гэта было ў пачатку снежня, у суботу. Яны вярталіся з тэатра і схаваліся пад дахам трамвайнага прыпынку. Парывісты вецер раскідваў навокал дажджавыя кроплі, змяшаныя з гіганцкімі ашмёткамі мокрага снегу. Яны забіліся ў кут, і Якуб закрываў яе сабою ад ветру. Узрушаная спектаклем, Надзя спачатку доўга маўчала, а потым пачала свой маналог. Яна хацела абавязкова выказаць яму, што адчувае, і была цалкам занураная ў сябе. У пэўны момант Якуб заўважыў, што яна плача. Набліжаўся трамвай. Якуб даў ёй насоўку. Яна прыхілілася да яго, і хлопец адчуў, што момант настаў. І сказаў. Ён і цяпер не ўпэўнены, што яна пачула. Хутчэй за ўсё – не, бо машыніст тармазіў з жудасным віскам, а на Надзі ў той вечар была тоўстая ваўняная шапка, насунутая на вушы.

      Часцей за ўсё яны вярталіся трамваем. Таксоўкамі – толькі пасля начных кінасеансаў. З прыпынку, на якім яны выходзілі, Якуб праводзіў Надзю дадому і развітваўся, цалуючы ёй руку. Можа, і старамодна, але так яго навучыла маці. Ён заўжды чакаў, пакуль Надзя знікне за дзвярыма,


Скачать книгу
Яндекс.Метрика