Новая Зямля: Куканія. Антось УласенкаЧитать онлайн книгу.
на ім былі павыразаныя выявы размаітых зьвяроў, даволі ўмоўныя. Перад стодам дагарала цяпельца ў абкладзеным камянямі вогнішчы.
Толькі Юргель прысеў пагрэцца: абапёрся сьпінаю аб стод і выцягнуў ногі, – як з гушчару да яго бяз боязі наблізілася бясьпёрая птушка дурнаватага выгляду.
У жываце забурчала. Думкі працавалі ў адным кірунку.
«Нямала мяса зь яе атрымаецца, і з аскубаньнем ня трэба важдацца».
Адною рукою ён прывабіў сьмелую птушку пабліжэй, а другая самая пацягнулася па камень. Кароткае замахваньне – і ён размажджэрыў птушыную галаву. Іншым каменем з вострым акрайкам разабраў тушку і кінуў кавалкі мяса на вуглі. Заставалася адно пачакаць.
«Лёгкі пад’едак».
Праз гадзіну ля стоду зьявіўся кудлаты вясковец з абярэмкам дроваў і кашом корму для сьвятарных алькіёнаў. За паяданьнем ножкі аднаго з тых самых алькіёнаў ён і засьпеў Юргеля. Астатнія тры ляжалі на зямлі з размажджэранымі галовамі.
Дровы пасыпаліся з грукатам, які адцягнуў Юргелеву ўвагу ад сталаваньня. Ён прыўзьняў брыво і ўміг зарыентаваўся ў сытуацыі:
– Чаго зяпу разявіў? Як прынёс дроваў, дык парубай і падкінь у вогнішча. Каб ня я, сьвяты вагонь згас бы дачыста. І што сказаў бы бажэньнік Бэнэдэльберт?
– Ты… ты… – вяскоўцу яўна не ставала словаў, – ты запаганіў сьвятое полымя. Зжэр зямное ўвасабленьне Алькіёна. Забіў ягоных аватараў у нашым сьвеце.
– Глупства, – Юргель аблізаў пальцы, запэцканыя тлушчам, і растапырыў іх у форме дрэва. – Я ўсяго-ткі выконваў Бэнэдэльбертава даручэньне. Упэўнены, Алькіён ня мае крыўды. Ён падзяліўся за мною каліўцам прыроднае раскошы і міжзорнае лагоды.
– Ты блюзьніш! Менавіта праз тваё злачыннае блюзьнерства Лясныя багі пакаралі нас пажарам. То вось чаму паўвёскі палае.
– Вы самыя сябе пакаралі. Пакаралі негасьціннасьцю да беднага падарожніка.
Ягоныя словы, аднак – бачыў па азьвярэлым твары – не зьмянілі дагматычнага мысьленьня суразмоўцы.
Юргель пацягнуўся па камень.
Кудлаты вясковец здолеў цьвяроза ацаніць сытуацыю, разьвярнуўся і штосілы пабег у бок вёскі, галосячы нешта няўцямнае.
«Чаму тутэйшыя надаюць столькі ўвагі старонным і адцягненным уяўленьням? Незразумела».
Юргель уздыхнуў, з шкадаваннем пакінуў тушкі алькіёнаў на зямлі і, не марудзячы, працягнуў шлях на ўсход.
Ужо па зьмярканьні, адарваўшыся ад мажлівае пагоні ў Цёмным лесе, ён убачыў прагаліну на пагорку. У цэнтры абкошанага кругу стаяла дагледжаная хатка. На незамкнёных дзьвярох ліпеў аркуш з заваблівым тэкстам:
«Падарожніку, пакінь знадворку скрухі ды пакуты дня. Тут адшукаеш прытулак і спачын проці ночы».
Унутры Юргель знайшоў каменную печку, касьцёр наколатых дроваў, падпалку з трэсак і сухога моху, голыя нары, кілім на падлозе і стол ля вакна; на ім сальныя сьвечкі і крэсіва. У варунках, што склаліся, ён быў рады і такому.
Юргель нацягаў знадворку пурпуровага губкаватага