Новая Зямля: Куканія. Антось УласенкаЧитать онлайн книгу.
па берагох стаяць румы. Там вяжуць плыты.
Яўнут расказаў, што добрая частка Судавы і ўсходніх Нальшчанаў жыла нарыхтоўкаю попельнага дрэва. Пераз увесь год лесасекі валілі лес, вязальнікі круцілі вяроўкі з тонкіх каранёў, возьнікі-тралёўнікі перавозілі камлі на тартакі, дзе іх наразалі на штукі, адтуль – у румы на берагох, дзе бярвёны акорвалі і ўкладвалі ў пагоны на прасушку. Штовясны ўсе сьпяшаліся скарыстацца зь вялікае вады. Людзі зараблялі на тым свае срэбранікі. Качаны скочвалі падрыхтаваныя бярвёны ў ваду, зьбіваны зьбівалі плыты, і надыходзіла чарга плытнікаў. Яны таксама карысталіся зь веснавое паводкі, каб учас прамінуць мялізны. За Патрымпусам рака заставалася прахадною і ў ліпцы, па малой вадзе, а вось верхнюю плынь сьпяшаліся пакінуць ззаду як мага раней.
– Ідзём мы, вядома, ня ўлегцы. Вязём з сабой футра, мёд, зацукраваных кузькаў, пылок гальшанскае вячорніцы, іншую драбязу – на поўдні ўсё гэта ў навінку. Дарогай ловім рыбы на пад’едак і правяльваньне. Падыходзім да прыстаняў на абодвух берагох – і да нальшчанскіх, і да яцьвяскіх. Абменьваемся зь мясцовымі. У адных купляем патаньней, іншым прадаём падаражэй – нічога звышскладанага. Назад з Войстаму вяртаемся з караванамі сухім шляхам празь Дзяволтву. У Дайнаве спыняемся ў Пукеіку ды Бікшах, а там і да дому недалёка. Ладна, годзе балакаць, кашы ўжо й няма.
Яўнут падняўся і павабіў Юргеля пальцам да плыту.
– Ці даводзілася табе хадзіць на чымсьці падобным?
Юргель кінуў вока на плыт з трох зьвёнаў, прыцмокнуў языком і прамармытаў нешта няўцямнае, што пры пэўным жаданьні можна было прыняць за станоўчы адказ. Яўнут такога жаданьня ня меў.
– Чаго ты барузьдзіш як боўдзіла дурное? Скажы выразна.
Юргель згадаў, як некалі слугаваў на «Макулінцы», калі пан Анцута выправіўся быў да ўтокі Вяльлі, у віленскі порт. Вандроўка туды і назад цягнулася ня больш за пару гадзінаў. Ён упэўнена прамовіў:
– Мне даводзілася хадзіць да Балтыцкага мора на плывучым доме, дзе я выконваў даручэньні самога вялікалітоўскага падкаморага.
Яўнут уздыхнуў:
– Касьмічныя караблі, плывучыя дамы, казачныя месты і моры – мы яшчэ не на вадзе, а я ўжо сыты па горла тваімі балачкамі. Май наўвеце, цярплівасьць мая даволі абмежаваная. А вось злосьць – не.
Барута зь Пясьцілам сумна паківалі.
Яўнут пацягнуў Юргеля на прывязаны ля берагу плыт. Той, забіраючыся, намачыў ногі ў халоднай вадзе і скрывіўся. Гэта не абмінула Яўнутавае ўвагі:
– Нічога, звыкайся, шчэ ня раз прыйдзецца ўваліцца ў ваду: цэлы дзень скакацьмеш па сьлізкіх бярвёнах. Прамокнуць тут ня сама страшнае. Галоўнае, каб камлі не раздушылі альбо пад сабой не пахавалі. Патануць у такой сьцюдзёнцы – справа няхітрая. Альбо нагу зламаць, як Рукля. Увесь твой спрыт прыдасца. То згадвай, як даваў лататы з заезнага двару – гэта будзе не залішнім.
Юргель распрастаўся на плыце і адчуў, як гуляюць пад ім шэрыя бярвёны – узапраўды патрабавалася пэўная звычка, каб астояцца.