Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось УласенкаЧитать онлайн книгу.
Лезгэ».
Што-што, а памяць у Бальтрута Тронзы была выдатная. Зь ягонаю прафэсіяй па-іншаму ніяк. У той момант памяць падавала сыгналы ягонай сьвядомасьці.
Таму ён і зьнерухомеў, дзе стаяў – пасярод эсплянады. Леваруч за падпорнаю сьценкаю плёскаўся Брульлём – памаранчавы акіян звадкаванага газу з характэрным мэталічным пахам, а праваруч бязладным шэрагам ляпіліся да схілу замшэлыя грыбы з офіснымі памяшканьнямі ўнутрох. Варты ўвагі краявід для ўраджэнца Старое Зямлі, але нічога прыцямнага для таго, хто ўжо наведваў Гліцыяс. Для бадзягі, які не затрымваўся на адной плянэце болей за пару месяцаў, папросту чарговая дэкарацыя.
«Гм, Лезгэ. Дакладна ня з тых, каму я ваду замуціў быў. Лезгэ-Лезгэ, дзе ж я мог цябе перастрэць?..»
Сьпіс людзей, што мелі нагоду й магчымасьць для помсты, ён ясна бачыў нутраным зрокам, варта было заплюшчыць вочы. У ягоным доме памяці картатэка з мажлівымі мсьціўцамі й знанымі ворагамі месьцілася ў цэнтральным пакоі. Складалася яна з двухсот сарака шасьці ймёнаў. Васьмёра былі нябожчыкамі, але іхныя карткі выкідаць было ня варта: паквітацца квітам могуць і нашчадкі.
«Хто ж ты такі, доктару, і чаму мне муляе тваё ймя?»
Гэты адрас даў Старычына Рэнзо. Падстаўляць Тронзу яму было не з рукі. Днямі яны сумесна правярнулі шматхадовую афэру на станцыі Альдрэма ў Блізкіх Сьветах. У выніку хітрых апэрацыяў ім удалося паціху аформіць паі ў Банку ККД. Паі на кругленькую суму й выдуманыя ймёны. Пад гэтыя ймёны яны зрабілі новыя асобы – зьмянілі свае ДНК. Адпаведныя дакумэнты – цалком афіцыйна – на тыя імёны дастаць было нескладана. Паводле рэгуляцыяў банку, пагасіць паі ў аддзяленьні на Папілюсе, што ў Крэсах, можна было не раней, чым празь зямны месяц. Каб засьцерагчы сябе ад здрады з боку паплечніка, яны аформілі паі адмысловым чынам. Пагасіць іх можна выключна ў пары: трымальнікі папераў мусяць адначасна зьявіцца ў аддзяленьні банку й пацьвердзіць свае асобы квантавымі меткамі.
Рэнзо й Тронза сталіся цяпер адзін для аднаго літаральна найдаражэйшымі людзьмі ў Сусьвеце. Гэта, вядома ж, ні ў найменшай меры ня значыла, што яны хоць крышачкі давяралі адзін аднаму.
Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б не перастрахаваўся: перад адведкамі Папілюсу ён вырашыў з тыдзень пераседзець на Гліцыясе. Паводзіўся тут ціхмяна й назіраў, ці ня пойдуць якія чуткі, ці ня зьявяцца нязваныя госьцейкі. Афіцыйна Галяктычны Рэгістар ня мог нічога зрабіць на Крэсовых плянэтах, у тым ліку на Папілюсе, але неафіцыйна мог заслаць сакрэтных агентаў – справа пахла вялікімі грашыма. Мог выправіць наймітаў і Банк ККД, калі б выкрыў афэру. Заставалася верагоднасьць, што іх сустрэнуць адразу за дзьвярыма аддзяленьня. Усё, што Тронза быў у змозе зрабіць (і зрабіў) – гэта займець свае «вушы» на Папілюсе, якія ў выпадку небясьпекі даслалі б яму вестку.
Акром таго, ён вырашыў у чарговы раз зьмяніць аблічча. Старычына Рэнзо параіў яму адрас у Вялікім Шкосьце: Эсплянада Ві Брульлём, 17. Сказаў, што