Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось УласенкаЧитать онлайн книгу.
адмаўляе, дык, відаць, дзейнічае з ксінатамі напару. Таму ў Гнязьдзе я слухмяна выконваю абавязкі вышніка, а ў вольны час зьбіраю рушэньне й гадую мазгавых паразітаў. Гэтыя маляткі ў выпадку чаго стануцца нечаканкаю для ксінатаў… Дарма вы так глядзіцё на мой баланьезэ – гэта зусім іншы від чарвякоў, іх адмыслова вырошчваюць на харчаваньне. Але, зноў жа, тут я вас цалком падтрымваю: бяры пад сумнеў усё, бо дакладна ня ведаеш нічога.
– Фар Аўлга, ці ўсе ў Келіску падзяляюць падобны сьветагляд?
– Вы першы назвалі мяне прагрэсіўным і разважлівым. Такіх заўжды меншасьць: хоць у Келіску, хоць у Лорміі, – але яны паўсюль кіруюць пасыўнаю бальшынёй. Калі вы плянуеце наладзіць гандаль з нашым Гняздом, вам карысна будзе ўзяць пад увагу тутэйшыя парадкі й настроі ды пазбыцца рэлігійных ілюзіяў, скуль бы яны ня браліся – з Анкегу ці з космасу.
– Вашая рацыя. Тут ёсьць над чым падумаць.
Далей размова перайшла на нэўтральныя тэмы. Каўрыт ветліва чакаў, пакуль Мікомп ня скончыць сталаваньне. У кожнай талерцы той пакінуў крыху ежы й пассыпаў усё ў паўмісак. Калі яны падняліся сыходзіць, ён падышоў да ямы й скінуў недаедкі. Каўрыт заўважыў, як раней тое ж рабілі іншыя наведнікі.
– У чым сэнс гэтага рытуалу?
– Вы б назвалі яго забабонам. Кажуць, на дне сядзіць сам гаспадар «Сьпеўнага каменю», а гаспадару трэба пакідаць выязное.
– І што ён сабою ўяўляе?
– Ня ведаю. Нават ня ўпэўнены, ці запраўды там хто ёсьць. Але і адмаўляць таго не магу. Хадземце.
Прызёмісты чалавек у шараку таптаўся ў апошніх шэрагах. Туды яго адціснулі здаравезныя дзецюкі з Нэльтасоў, якія прыйшлі апоўдні. Яму прыходзілася ставаць на дыбачкі альбо падскокваць, каб разгледзець, што дзеецца наперадзе.
На копішча ў Міхьтрэльдзкім лесе, недалёк ад Дзэргу, пасходзілася ці ня ўся ваколіца. Усё прыбываў люд з Ольтасу й Мьёзмаў, былі нават трэўрзкія. Кожны жадаў папрысутнічаць на капе друідаў.
На прагаліне ў заходняй частцы лесу за гарамі Прэмарда было насыпанае ладнае ўзвышша, мошчанае глінай. Там і адбывалася капаваньне, якое гледачы спасьцерагалі зьнізу. На ўзгорку мелі права знаходзіцца адно друіды. Яны сядзелі на касьцяных лавах, што месьціліся па абводзе насыпу, і былі абароненыя ад сонца й непагадзі разьвіслымі галінамі попельных дрэваў, якія абкружалі копішча, пакідаючы прасьвець адно над цэнтрам. Там камянямі было абведзенае кола, дзе стаялі падвіноўныя.
Менавіта іх імкнуўся разгледзець чалавек у шараку.
– Гэй, драбяза, куды ўбіваешся?
Яго пхнуў нехта зь мясцовых, але ён не здаваўся. Даў нырца пад локці суседзяў сьпераду й прасунуўся на колькі мэтраў бліжэй.
Адтуль былі відаць лавы, на якіх сядзелі друіды ў цёмна-зялёных хламідах.
– Прапусьціце наперад гэнага паўшабэлка, аджа зара ўсе ногі паадтоптвае!
Пад лаянку з розных бакоў яго выпхнулі, даўшы шчырага падзадку, у пярэдні шэраг. Адтуль ён нарэшце змог разгледзець падвіноўных у коле камянёў.
Першы быў ссушаным старым інтэлігентнага