Цені Дзікага палявання. Алесь КожедубЧитать онлайн книгу.
хады-дарогі, быў тут і вуж, яшчэ драмаў, ленаваўся выпаўзаць на паляванне, стог быў поўны шолаху, шархацення і піску. Лесавіка, канешне, усё жывое адчула, але не спалохалася, адно толькі мышы з казуркамі насцярожыліся – усё жывое ведала, што лесавік іх чапаць не будзе. Лесавік плыў у сваёй звыклай паўдрымоце, ён любіў гэты стан – сон не сон і не трызненне, а проста вісіць ён у паветры, і гукі ды пахі абмінаюць, абцякаюць яго, не дакранаючыся, і ён усё чуе, але нічога ў сябе не прымае. Зараз ён таксама нерухома вісеў, ды чалавечая мова, якая была яму зразумелая, да яго ўсё ж даходзіла. У гэтых людзей не было ніякіх памкненняў, якія б тычыліся лесавіка і ягоных спраў, таму ён і не затрымліваў у сабе іхніх слоў і думак. Яны гаварылі і думалі зараз толькі пра сябе, усё астатняе было страшэнна далёка.
Побач з лесавіком былі зараз людзі, з якімі, увогуле, ён мог бы зрабіць усякае. Але гэта былі і людзі, ад якіх ён залежаў, ягоныя гаспадары. Ад такога раптоўнага, як удар маланкі, усведамлення ён нават абудзіўся. Сапраўды, людзі і, у прыватнасці, вось гэтыя двое – ягоныя гаспадары. Так, яны нічога, зусім нічога не маглі зрабіць з ім, не маглі дакрануцца да яго, ударыць, забіць, не маглі напалохаць і нават убачыць – і ён быў у іхняй уладзе. Чаму і калі так здарылася? Ніхто: ні яны і ні ён – гэтага не ведалі, але так было. Людзі, хлопец і дзяўчына, ляжалі ў абдымках, ён гаварыў тое, што заўсёды, як ведаў лесавік, гаварылі хлопцы сваім дзяўчатам, і яна верыла і не верыла ягонаму шэпту, вагалася, то прыціскалася да яго, то адштурхоўвала, ён жа спяшаўся і нават злаваў – усё гэта лесавіку было знаёма. Здаецца, ужо не было ў людзях таго, чаго б ён не ведаў. Не было.
Лесавік нячутным вялікім ценем мільгнуў у паветры, толькі на імгненне засланіў ён некалькі зорак-парушынак, што падміргвалі дзяўчыне з недасяжнасці, але яна здрыганулася, прыўзнялася: «Што гэта?!» – «Ды нічога, здалося табе, хто тут можа быць?» – «Не, было, нехта праляцеў!» – «Кінь выдумляць, гэта раней калі, гадоў сто назад, сава магла праляцець, а цяпер тут нават лесу няма». – «Бачыла!..»
Лесавік, ужо седзячы на сваім дрэве, усміхнуўся сам сабе – адчула. Увогуле, ён даўно ведаў, што жанчыны адчуваюць усё жывое. Яны адчуваюць нават яго, нябачнага. Зрэшты, жывы жывога і павінен пазнаваць. А пра жанчын ён ведае яшчэ і тое, што, калі маладзіца панесла, усе свойскія жывёлы – і лясныя таксама, толькі гэта здараецца многа радзей, – усе кошкі і сабакі да яе лашчацца. Ён гэта ведаў. Людзі… людзі ўжо маглі і забыцца.
Гэта было вельмі дзіўна, але і назаўтра лесавік наведаўся да людзей, і пазаўтра, і хадзіў раз за разам. Неадольная сіла проста штурхала яго да іх. Спачатку прыходзіў ён толькі прыцемкамі, потым захацелася ўбачыць іх – і ці толькі ўбачыць? – і ўдзень.
Гэтым разам недалёка ад людскіх буданоў лесавік заўважыў маладую лісіцу. Лісіца неспакойна шнырыла ў кустах каля лугу, прынюхвалася да пахаў, што наплывалі з буданоў, і па тым, як не ішла яна адсюль, як перабірала лапамі, як узіралася ў буданы жоўтымі вачыма, лесавік зразумеў, што яна прыбегла сюды