Цені Дзікага палявання. Алесь КожедубЧитать онлайн книгу.
ссунуцца за небакрай адна навальніца, як ішла другая, яшчэ большая і мацнейшая, і зямля зноў сціскалася, нерухомела, прадчуваючы ўдары і вадаспады. Рэкі, што цяклі між лясоў, імкліва ўзбухалі, перапаўняліся каламутнай і шалёнай вадой, якая раўла, імчала ў сляпым запале, і берагі гэтую ваду ўтрымаць не маглі: абсоўваліся цэлымі пластамі берагавыя стромы, павольна хіліліся, хіліліся – і падалі вяршалінамі ў самую быстрыню дубы і вольхі, чародамі брылі да берагоў, не маглі да іх выбіцца напаўзатопленыя лазнякі. Круціліся, мільгалі ў хуткай плыні вырваныя з каранямі дрэвы, кусты, паказваліся бёрны і дошкі з якога чалавечага жытла, праносіліся і дохлыя дзікі, што захлынуліся, не знайшлі моцы даплысці да сухога. І не кожны човен упэўнена трымаўся на гэтай вадзе, хіба што віціна плыла, не баючыся нічога. На тых віцінах спалохана курчыліся, глядзелі ў неба людзі, хрысціліся, думалі. Пра што? Вядома, пра тое, пра што спакон веку думалі яны на гэтай зямлі. Што такое навальніцы, ад якіх спыняецца сэрца і слепнуць вочы, ад якіх забірае страх і няма куды ад якіх схавацца? Хто зганяе ў адзін чорны згустак хмары і б’е перунамі ў зямлю, хто асвятляе бліскавіцамі небасхіл, хто калоціць і дзярэ ўсю прастору між зямлёй і небам? Яны глядзелі ў неба, прасілі літасці ў Перуна, чакалі. І каб пацвердзіць сваю моц, Пярун ці хто іншы на іхніх вачах паліў самае высокае з надрэчных дрэў – і супакойваўся. Людзі з палёгкай уздыхалі.
Лесавік ведаў, якое з дрэў будзе спалена гэтай ці іншаю навальніцай. Ён пазнаваў іх, як звяры пазнаюць хворых жывёл і абыходзяць іх. Дрэвы тыя, можа, і не былі хворымі, але яны былі абранымі, вылучанымі сярод усіх іншых, лесавік каля іх ніколі не спыняўся. Дзіўна, але ў пазначаных дрэвах заўсёды быў горкі, атручаны сок. Чаму? Гэтага не ведаў ніхто.
Але як бы ні шугалі летнія навальніцы, яны ўсё ж канчаліся. Людзі гэтую пару, тыдзень навальнічных дажджоў, называлі вераб’інымі начамі, хаця маланкі з трэскам раздзіралі неба не толькі ўначы, але і днямі, праўда, дзень, абкладзены, прыціснуты хмарамі, быў ужо мала падобны да дня, быў ужо як бы і ноччу. Наогул, на назвы, якія людзі давалі з’явам ці мясцінам, лесавік не пераставаў здзіўляцца. Чаму вераб’іныя ночы, а не кашэчыя, ці сабачыя, ці яшчэ якія, увогуле, натуральней было б назваць іх якраз чортавымі? Ды назвы, канешне, ніколі не мянялі сутнасці, лесавік, раз здзівіўшыся чалавечай недарэчнасці, стараўся больш не звяртаць на яе ўвагі. Ды мала што з гэтага атрымлівалася.
У адну з навальніц лесавік апынуўся недалёка ад вялікай ракі, што цякла праз ягоную пушчу, убачыў віціну з дзясяткам людзей, якія везлі на ёй вырабленыя скуры. Віціна павольна, неяк няўклюдна плыла, людзі трывожна перакрыкваліся, урэшце прысталі да берага якраз недалёка ад дуба, у якім быў лесавік. І зрабілі яны гэта ў час, бо адразу па гэтым засляпіла свет залева. Лесавік з дуба не пайшоў, ён як драмаў, так і застаўся драмаць, аднак чуў і бачыў, чым займаліся людзі пад дубам. Усе разам яны лічылі, найбольш звяртаючыся да стырнавога, галава якога была спрэс лысая. «Тодар,