Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір КараткевічЧитать онлайн книгу.
ЮЦЬ, З’ЯЎЛЯЕЦЦА ВЫПАДКОВЫМ.
© Алена Сінькевіч, 2015
© Кажамякін Г. В., падрыхтоўка тэксту, каментарыі, пасляслоўе, 2014
© Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, 2014
© ТАА "Электронная кнігарня", 2015
Прадмова аўтара
– У цябе няма фантазіі,– спакойна сказаў сябра. – У словах наогул няма фантазіі, калі гаворка заходзіць пра працу. Вось паветраныя замкі будаваць – на гэта мы мастакі.
Я разумеў яго стан. Мы былі адны ў вясковай хаце, і за вокнамі шамацеў па бузіне абрыдлівы зацяжны дождж. Неба абклала хмарамі, і распатланы бусел стаяў на верхавіне сухой сасны, прыкрываючы крыламі малых. Жонка сябра паехала з маленькім сынам у горад і затрымалася там. Ноч даводзілася бавіць удвух за бутэлькай віна. Сябра быў відавочна раздражнёны і таму несправядлівы.
– Ствары мне свет, – сказаў ён, – свет вялікі, каляровы, цёплы, такі, як жывы. Каб я мог смяяцца і плакаць з гэтага свету, з людзей, якія ў ім жывуць.
– Гэтага нельга, – сказаў я, – кожны смяецца і плача сам за сябе. Ты можаш смяяцца з прычыны маіх слёз і плакаць ад майго смеху.
– Значыць, ты лічыш, што разумення паміж людзьмі няма?
– Мала, – сказаў я, – і ў меру гэтага разумення я магу па спрабаваць.
– Зноў прыдумаць слязлівую гісторыю пра тое, як Ганна кахала Івана?
– Можна і так. Пра гэта чалавек будзе апавядаць да канца дзён.
– А калі мне абрыдла?
– Нічога, – сказаў я, – тут адным каханнем справа не абыдзецца.
– Я хачу пра наша пакаленне, разумееш? Мы не толькі кахалі і працавалі, мы яшчэ і гінулі…
– І часта ні каханне, ні подзвіг, ні загібель не залежалі ад нас. Добра, будзе табе пра ўсё гэта.
Сябра ўстаў і паглядзеў на мяне. Цені ад свечкі бегалі па яго твары, і таму вачаніцы здаваліся вялізнымі і трагічнымі, а нос яшчэ даўжэйшым за сапраўдны.
– А ты ведаеш, што гэта непасільная задача?
– Я паспрабую.
– І я не стану палягчаць яе табе…
– Я і не патрабую.
– Наадварот, я прыдумаю нешта такое, каб зрабіць яе яшчэ больш цяжкай.
– Валі.
Ён хвіліну думаў. Потым кінуўся ў кут і выцягнуў з-пад ложка даволі вялікую пляскатую скрынку. Паставіў яе на стол, расчыніў.
– Сын не будзе ў крыўдзе, што мы трошкі пагаспадарылі ў яго калекцыі.
– Так, – сказаў я, – тым больш што мы ўсё пакладзём на месца.
І тады друг запусціў рукі ў скрынку, наўздагад выцягнуў адтуль некалькі прадметаў і паклаў іх на стол.
– Чаго толькі не збіраюць хлапчукі,– сказаў ён.
– Так, – сказаў я, – ім усё цікава.
– Дык вось, – сказаў друг, – усё гэта павінна быць у тваім апавяданні. І гэты медаль…
– Цяжка, – сказаў я, – на ім надпіс: «За ўціхаміранне польскага мяцяжу», а гэта было сто год таму.
– Усё адно. Усё гэта павінна быць. І медаль, і старыя канспекты, і сапсаваная аўтаручка, і пяро бусла…
– А галубінае можна?
– Можна… І рыбалоўны гачок, і гэты ржавы зазубраны асколак…
– Ну, гэта ўжо занадта. Медалю сто год, асколку – васямнаццаць, а пяру найбольш – год. Дзе ж тут адзінства часу?
– Сам вінен, – няўмольна сказаў друг, – але гэта яшчэ не ўсё. Яшчэ там павінны быць Масква, Уладзімір, Мінск, Ленінград. І не на паштоўках, як тут, а сапраўдныя, жывыя.
– І адзінства месца паехала, – сумна сказаў я.
– …І яшчэ скарыстаны чыгуначны білет. І яшчэ няхай хлопец будзе мастак або, лепей, паэт, а яна мастак. І яшчэ няхай пачнецца трагедыяй і скончыцца…
– Хопіць, – сказаў я, – агідны ты хлопец. Чаго ты языком мянціш, мянтуха?
– Нічога, – сказаў друг, – ты яшчэ ў дзяўкох. Каму ж яшчэ і пісаць пра гэта. І яшчэ павінны быць вершы, – я люблю вершы, – і карціны, і музыка. Многа.
– Добра, – з фатальным выразам сказаў я.
– І самае галоўнае. Каб я і кожны зразумеў сябе. Каб над сваім лёсам абліўся слязой. Зразумей, дружа, мы перажылі вайну, смерць сяброў, крушэнне шчасця. І яшчэ больш жахлівае. Я хачу бачыць гэта. І смяяцца, і плакаць.
– Гэтага не магу, – сказаў я, – гэта ўжо ад таленту.
– Я ж і кажу. Тут патрэбны вялікі боль.
– Добра, – сказаў я. – Боль я вазьму ўласны. Гэтага дабра хопіць у кожнага.
– Усё памятаеш яе?
– Усё памятаю.
Ён маўчаў.
– Гэта доўгая гісторыя, – сказаў я, – ёй сто год. І яна яшчэ не скончылася. Няма забыцця!
Пралог
Паром на бурнай рацэ
Дарога на поўнач ад горада кантралявалася інсургентамі і была небяспечнай. Таму ганцам, якія павінны былі трапіць у размяшчэнне коннага палка, даводзілася скакаць з захаду, перапраўляючыся