Завеі, снежань. Іван МележЧитать онлайн книгу.
зыркалі цыгаркамі. Гоман быў, чула Ганна, больш нездаволены, але Гайліс хоць бы варухнуўся за сталом.
Устаў Барыс.
– Здаецца, багато ахвотнікаў выступіць паявілася? – У голасе яго была кпіначка. – Дак хто хоча сказаць слово?
Гоман пачаў хутка сціхаць. Вочы амаль усіх скіраваліся да Барыса, але ніхто не прасіў слова.
– Няўжэ няма нікога?! – з кпінкай здзівіўся Барыс. – Столькі ж унь гуло!..
– Няхай начальство гаворыць! – крыкнуў задзірлівы худы, з кепачкай на макаўцы.
– Начальство ўжэ гаварыло! Добра було б паслухаць трохі і народ!
– Паслухаеце вы! – унізаўся злосна галасок.
– Аге!
3
Зноў пайшоў нядобры гоман. Барыс аб'явіў, што выступіць Міканор, сакратар алешніцкай партячэйкі. Міканор устаў, няёмка сутуліўся сярод гоману, тады як Барыс прасіў сціхнуць, паслухаць.
– Ужэ і куранёўцы вучыць будуць! – мацюкнуўся хтосьці ў прыцемку.
– Не кажы! Усе лезуць!
Ганна ад неспадзяванай прыкрасці стаілася, пачырванела. Тоячы крыўду, з асаблівай раўнівасцю сачыла за Міканорам: нібы яму трэба было абараніць гонар не толькі свой, а і яе, і ўсіх куранёўцаў. Адчула яго раптам самым блізкім сабе: адзін ён быў тут з яе роднага кутка, з яе маладосці.
Міканор пачаў таксама з дакору: усе глядзелі на Глінішчы – як на перадавую вёску, як на прыклад для іншых, на які трэба ўсім раўняцца. А выйшла так, што Глінішчы паказваюць цяпер прыклад таго, як не трэба рабіць.
– От ты і пакажы! – перабілі яго насмешлівым воклічам.
Барыс адразу моцна застукаў па стале, загадаў не перабіваць. Міканор перамаўчаў вокліч, маўкліва сцярпеў яго. Нібы не захацеў увязвацца ў спрэчку. Калгас распусціўся – стрымана вярнуўся да таго, на чым перапынілі, – і гэта ў такі час, калі Алешніцкі сельсавет у цэлым павярнуў на новую дарогу. Калі ў нас, не сакрэт, ёсць немалыя поспехі – асабліва ў калгасе «Камунар» і іншых. Апярэджваючы гоман, што стаў расці, Міканор тут жа адзначыў разважліва: канешне, у нас ёсць і калдобіны, і ў другіх, бывае, нягладка ўсё ідзе. Ён доўга гаварыў пра тое, як цяжка было спачатку наладжваць калгас у Куранях і як не ладзілася раней у «Камунары». За гэтым стаў расказваць пра тое, што трэба сельсавету зрабіць у гэты год. Гаварыў пра ўсё, што прыходзіла ў галаву, раскідана і дзіўна для яго няўпэўнена. Слухаючы яго, Ганна адчувала, што гісторыя гэта з глінішчанскім калгасам вельмі прыгнечвае яго, што ён не верыць, нібы сход можа паправіць штосьці. І гаворыць толькі таму, што трэба гаварыць па абавязку. Ганне спадабалася, што ён адчуваў настрой людзей і не задзіраўся, як звычайна ў Куранях, – гаварыў стрымана, сціпла.
За ім Барыс звонкім, давольным голасам аб'явіў:
– А зараз выступіць наша настаўніца – Параскева Андрэеўна Дарошка!
Параска пайшла да стала сваёй лёгкай, пругкай хадою, ледзь паводзячы звыкла плячыма, з вясёла ўзнятай галавой. Упэўнена паклала руку на край стала, з узнятай галавой павяла позіркам па пакоі. Ганна