Голад (зборнік). Кнут ГамсунЧитать онлайн книгу.
унізе ўжо досыць даўно прабіў сем разоў.
Я адышоў ад акна і спыніўся пасярод пакоя. Калі ўсё добра ўзважыць, мадам Гунэрсэн вельмі дарэчы мне адмовіла. Гэты пакой зусім не для мяне; тут такія просценькія зялёныя фіранкі на вокнах, а ў сцены загнана так мала цвікоў, што няма куды вешаць вопратку. Крэсла-качалка ў куце, шчыра кажучы, толькі пародыя, вартае жалю падабенства качалкі, смех дый годзе. Акрамя таго, крэсла занадта нізкае як на дарослага чалавека і да такой ступені вузкае, што з яго даводзіцца самога сябе выцягваць, нібы тую нагу з цеснага бота. Адным словам, гэты пакой не прыдатны да разумовай працы, і мне ўжо не хацелася заставацца ў ім. Ні ў якім разе не хацелася! Занадта доўга я маўчаў, цярпеў і трываў у гэтай халупе.
Акрылены надзеяй і радасцю, усё яшчэ поўны думак пра свой выдатны твор, які я раз-пораз выцягваў з кішэні і перачытваў, я вырашыў, не губляючы часу, збіраць рэчы. Я дастаў вузельчык – пару чыстых каўнерыкаў, загорнутых у вялікую чырвоную насоўку, і скамечаную газетную паперу, у якой я прыносіў дадому хлеб, – згарнуў сваю коўдру, прыхапіў увесь запас паперы для пісання. Потым я прадбачліва абшнарыў усе куты, каб пераканацца, ці не забыўся я чаго-небудзь, і, не знайшоўшы нічога, выглянуў у акно. Раніца выдалася пахмурнай і вільготнаю; у згарэлай кузні не было ніводнае душы, а вяроўка, што цягнулася ад сцяны да сцяны, набрыняла вадою. Усё гэта я бачыў і раней, таму адышоў ад акна, узяў коўдру пад паху, пакланіўся аб’яве наглядчыка маяка, а таксама пахавальным саянам пані Андэрсэн і адчыніў быў дзверы…
Тут я ўспомніў пра гаспадыню – трэба было паведаміць ёй пра свой ад’езд: няхай ведае, што яна мела дачыненне з прыстойным чалавекам. Акрамя таго, мне хацелася падзякаваць ёй у цыдулцы за тыя некалькі дзён, што я карыстаўся пакоем звыш тэрміна. Усведамленне таго, што цяпер я на пэўны час забяспечаны, было такім моцным, што я нават паабяцаў гаспадыні ў найбліжэйшыя дні занесці пяць крон; мне хацелася асабліва падкрэсліць, які шляхетны чалавек жыў пад яе дахам.
Цыдулку я пакінуў на стале.
Каля дзвярэй я зноў спыніўся і абярнуўся. Светлае пачуццё вяртання да жыцця адрадзіла мяне, я быў удзячны Богу і ўсяму свету; я ўкленчыў каля ложка і гучна падзякаваў Усявышняму за вялікую ласку, якую ён паслаў мне гэтае раніцы. Я ведаў, сапраўды ведаў, што гэты толькі што перажыты і перанесены на паперу штуршок натхнення быў цудам, які адбыўся ў маёй душы з волі неба ў адказ на мой учарашні крык аб дапамозе. «Гэта Госпад! Гэта Госпад!» – выгукваў я і плакаў, радасна замілаваны сваімі словамі; раз-пораз я змаўкаў і прыслухоўваўся, ці не ідзе хто па сходах. Нарэшце я ўстаў, нячутна спусціўся і, нікім не заўважаны, дабраўся да парадных дзвярэй.
Брукаванка блішчала ад дажджу, што выпаў на досвітку, над горадам павісла цяжкае і нізкае неба, сонца не прабівалася скрозь хмары. Каторая была гадзіна? Паводле сваёй звычкі, я пайшоў да ратушы і ўбачыў, што на гадзінніку палова дзявятай. Значыць, мне трэба было блукаць ладныя дзве гадзіны, бо не мела сэнсу прыходзіць