Голад (зборнік). Кнут ГамсунЧитать онлайн книгу.
носам. – Учора ўвечары я крыху павесяліўся і цяпер сяджу без нічога. Паверце, у мяне нічога няма.
– Ну, не бяда, даражэнькі, вядома ж, вядома ж! – адказаў я, паверыўшы яму на слова.
Бо ён, вядома, не стаў бы хлусіць праз такую драбязу, мне нават падалося, што яго шэрыя вочы ледзьве не поўніліся слязьмі, калі ён корпаўся ў кішэнях і нічога не знаходзіў. Я адышоў.
– У такім выпадку, прабачце! – сказаў я. – Проста я аказаўся ў цяжкаватай сітуацыі.
Я ўжо адышоў быў досыць далёка, калі ён паклікаў мяне, нагадваючы пра забыты мною скрутак.
– Пакіньце, пакіньце яго сабе! – адгукнуўся я. – Зрабіце мне ласку! Там некалькі драбнюткіх рэчаў… а і ледзьве не ўсё, што ў мяне ёсць на гэтым свеце.
Я быў расчулены сваімі словамі: яны прагучалі гэтак безнадзейна-роспачна ў вечаровым змроку, і тут я заплакаў…
Вецер свяжэў, хмары шпарка несліся па небе, і з надыходам сутоння мне рабілася ўсё халадней. Я ішоў па вуліцы і плакаў, усё больш і больш шкадуючы сябе; раз-пораз у мяне вырывалася колькі слоў, воклічы, ад якіх быццам ужо ўтаймаваныя слёзы зноў пачыналі засціць вочы:
– Божа, як жа мне цяжка! Божухна, як цяжка!
Прайшла гадзіна, яна цягнулася так павольна, што здавалася бясконцаю. Я бадзяўся на Торвгатэн, потым сядзеў на прыступках каля дзвярэй, хаваўся за брамамі, калі хто-небудзь праходзіў побач, бессэнсоўна глядзеў праз асветленыя вітрыны крамаў на пакупнікоў, што завіхаліся, маючы грошы і трымаючы ў руках тавары; нарэшце я знайшоў утульнае месца за штабелем дошак, паміж царквою і базарам.
У лес я ісці не мог нават пад страхам смерці – у той вечар у мяне не было сілы, а дарога здавалася такой бясконца доўгаю. Я вырашыў, што як-небудзь пратрываю ноч тут, нікуды не пайду, калі ж мяне адолее холад, дык пахаджу сабе вакол царквы: саромецца тут асабліва няма чаго. Я прыхіліўся да дошак і задрамаў.
Навокал патроху рабілася цішэй, крамы зачыняліся, крокі прахожых чуліся ўсё радзей, нарэшце, у вокнах пагасла святло…
Я расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабою нейкага чалавека: бліскучыя гузікі кінуліся мне ў вочы, і я зразумеў, што гэта паліцыянт; твару, аднак, відаць не было.
– Добры вечар! – сказаў ён.
– Добры вечар! – спалохана адказаў я. І тут жа ўстаў, адчуваючы няёмкасць.
Паліцыянт пастаяў крыху, не робячы аніякіх рухаў.
– Дзе вы жывяце? – спытаў ён.
Паводле старой звычкі я, не задумваючыся, назваў свой стары адрас, дзе жыў нядаўна ў каморцы на гарышчы.
Ён яшчэ трохі пастаяў моўчкі.
– Я зрабіў што-небудзь кепскае? – са страхам спытаў я.
– Што вы, я пра гэта не казаў! – запярэчыў ён. – Але вам усё-ткі лепш пайсці дадому: тут вы замерзнеце.
– І праўда, я адчуваю, што сёння халаднавата.
Я сказаў яму «дабранач» і міжволі накіраваўся да свайго ранейшага жытла. Калі ісці асцярожна, я мог бы прабрацца наверх, нікога не патрывожыўшы: сходы мелі восем прыступак, і толькі дзве верхнія маглі пагрозліва