Коннік без галавы. Майн РыдЧитать онлайн книгу.
але часцей за індзейцаў выдаюць сябе белыя, і яе толькі мексіканцы. Для гэтага дастаткова карычневай фарбы, парыка з конскага хваста, некалькіх пёраў для галаўнога ўбора і пабольш нахабства. Калі нас абрабуе банда «белых» індзейцаў – а гэта не раз здаралася, – то вінаваціць нам будзе некага, акрамя саміх сябе: мы будзем толькі пакараны за сваю даверлівасць да першага сустрэчнага.
– Божа мой, Касій! Гэта ж сур’ёзнае абвінавачванне. Няўжо ты хочаш сказаць, што гэты кур’ер – калі ён сапраўды кур’ер – заманьвае нас у пастку?
– He, дзядзька, я гэтага не кажу. Я толькі кажу, што такое здаралася; можа, ён нас і заманьвае…
– Магчыма, але малаверагодна, – пачуўся з карэты голас, поўны з’едлівай насмешкі.
– He, – усклікнуў Генры, які хоць і ехаў крыху наперадзе, але чуў усю размову, – твае падазрэнні несправядлівыя, Касій! Гэта паклёп. I я магу гэта табе даказаць. Глянь сюды.
Юнак стрымаў каня і паказаў на прадмет ля краю сцежкі, які ён да гэтага ўважліва разглядаў. Гэта быў калонападобны кактус; яго зялёны сакавіты ствол уцалеў ад агню.
Але Генры Пойндэкстэр звяртаў увагу сваіх падарожнікаў не на саму расліну, а на невялікую белую картку, што была наколата на адну з яе калючак. Той, хто знаёмы са звычаямі цывілізаванага грамадства, адразу здагадаўся б, што гэта візітная картка.
– Паглядзім, што там напісана, – сказаў юнак, пад’язджаючы бліжэй; ён прачытаў услых: «Кіпарыс бачны».
– Дзе? – спытаў Пойндэкстэр.
– Тут намалявана рука, – адказаў Генры. – Няма сумнення, што палец паказвае на кіпарыс.
Усе сталі глядзець у напрамку, пазначаным на картцы.
Калі б свяціла сонца, кіпарыс можна было б yбачыць з першага погляду. Але яшчэ нядаўна сіняе неба цяпер стала свінцова-шэрым, і колькі б падарожнікі ні напружвалі зрок, на гарызонце нельга было разгледзець нічога, што б нагадвала вершаліну дрэва.
– Нічога там няма, – упэўненым тонам заявіў Калхаўн. – Я перакананы, што гэта толькі новая хітрасць гэтага бадзягі.
– Ты памыляешся, – адказаў голас, які так часта пярэчыў Касію. – Паглядзі ў бінокль. Калі табе не здрадзіў твой цудоўны зрок, ты ўбачыш на гарызонце штосьці вельмі падобнае на дрэва, на высокае дрэва, – напэўна, гэта кіпарыс. Я ж ніколі не бачыла кіпарыса на балотах Луізіяны.
Калхаўн не захацеў узяць бінокль з рук кузіны – ён ведаў, што Луіза кажа праўду, і яму не патрэбны былі лішнія доказы.
Тады Пойндэкстэр узяў бінокль, наладзіў яго па сваіх блізарукіх вачах і выразна ўбачыў кіпарыс, які ўзвышаўся над прэрыяй.
– Правільна, – сказаў ён. – Кіпарыс бачны. Незнаёмец аказаўся чэсным чалавекам. Ты быў да яго несправядлівы, Каш. Мне не верылася, што ён мог так злосна пажартаваць… Слухайце, містэр Сансом! Аддайце распараджэнне вазніцам – трэба рухацца далей.
Калхаўн злосна прышпорыў каня і паскакаў па прэрыі; яму больш не хацелася ні размаўляць, ні заставацца ў кампаніі сваіх спадарожнікаў.
– Дай мне паглядзець на гэту картку, Генры, – сказала Луіза. – Мне хочацца ўбачыць стрэлку, якая так дапамагла