Лявон Бушмар. Кузьма ЧорныЧитать онлайн книгу.
ўбаку лес. Бушмар паўз лес абабег кругам i пайшоў насустрач.
– Хто? – гукнуў паручнік.
– Чалавек! – гукнуў у адказ Бушмар, падняў угару рукі i стаў так на дарозе.
Паручнік падышоў, трымаючыся за рэвальвер.
– Сконт?!
Бушмар як стаяў, кінуўся наперад i грунуў кулакамі паручніку ў грудзі. Той адно звіўся Бушмару пад ногі i духу не ўказаў.
Можа б, i не лішне ўзялі б на падазронасць Бушмара, каб ён праз дзён два недзе не знік з дому. Назаўтра пасля забойства паручніка знайшлі пасярод дарогі, i следства пачало трэсці кожную хату. Былі i ў Бушмара, але нічога не даводзіла яго вінаватасці, хiба толькі што сляды на снезе зварочвалі з дарогі на яго хутар. Але ж слядоў было шмат, i ці мала куды i чаго ходзяць людзі напрамік, каб карацей было? Аднак жа ён доўга не сядзеў дома. Калі на трэці дзень з'явіліся, каб забраць яго, у хаце знайшлі адну маці. Яна енчыла i стагнала, што Лявон паехаў да стрэчнага брата i вернецца дзён праз чатыры, бо брат жыве далёка, вёрст за трыццаць, «таксама на арэндзе ў найяснейшага князя». Яе перацягнулі колькі раз нагайкаю i дапыталіся, дзе жыве той Лявонаў брат. Арыштаваная Аміля расказала ўсё, як гадзін за тры да развітання з польскім афiцэрам яна бачылася з Бушмарам, а пасля «бавілася ў хаце i на вуліцы з панам паручнікам». Праз месяцаў два яе выпусцілі, а Бушмара i ў брата не знайшлі – счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца.
Так справа дацягнулася да польскага адыходу, тады ён i вярнуўся. На адыходзе палякі хутар яго паскублі, дый так маці пачала рашаць гаспадарку, бо не было сілы ўпраўляцца адной.
Нiкому Бушмар ні ў чым не прызнаўся, нават самой Амілі, якая пасля прыйшла была сама да яго бледная i трывожная. За ласкавы i нявольніцкі зірк яе вачэй ён тады ж адвярнуўся ад яе.
– Не я забіў, – адказаў ён i мацеры.
I маці з таго была ўпэўнена, што сын яе не вінаваты. Час прайшоў, i пра цёмнае здарэнне толькі калі-нікалі ўспаміналі людзі. На Бушмара ж, можна сказаць, ніхто i не думаў цяпер.
Другі раз Аміля прыйшла была да яго ўжо нейк пад восень. Незвычайная для яе, нездаровая смеласць была ў вачах яе. Узбуджанасць прыкметна была ў ёй надзвычайная.
– Я прыйшла запытацца ў цябе, Лявон.
– Пытай.
Ён чуць-чуць паказаў зубы ад штучнага смеху.
– Цi iсці мне замуж? Да мяне адзін сватаецца.
– Калі добры чалавек трапляецца, дык iдзі.
У яе была трохi надзея на нейкі іншы адказ яго, пасля ж гэтага яна прыкусіла губы i пайшла шпарка. Ён упэўніў сябе, што добра зрабіў, напусціў на сябе весялосць, выбраўся на пару дзён да таго самага стрэчнага брата. Цяпер ён увесь аддаўся аднаўленню сваёй паскубленай гаспадарскай мярлогі.
Аміля ж, можа, i на злосць Бушмару, паслухала яго рады. Чалавек знайшоўся не кепскі. Яна пайшла замуж праз месяцаў чатыры пасля апошняга свайго прыходу да Бушмара. Ад гэтага замуства яна нарадзіла сына.
IV
Бушмарава маці яшчэ больш аслабела. Сярод ночы ён вымасціў сядзенне ў возе i паехаў па брата. У полі як мае быць асталёўвалася вясна. Раннія гаспадары