Лявон Бушмар. Кузьма ЧорныЧитать онлайн книгу.
i той жа – пануры, маўклівы. Хто яго ведае, якія думкі варушацца ў яго віхрастай галаве, пад гэтым навіслым чэрапам.
– Iдзі сабе.
Ах, каб ён не гаварыў гэтага «сабе»!
З прычыны гэтакага тону яна не iдзе. Ён сядзіць дзе-небудзь на пенчуку ці на вывернутым дрэве.
Край лесу, перад імі поле – цяпер ужо чужое, не яго. Бярозавыя прысады туманяцца за полем, іх ледзьве відаць – з гэтага, аднаго толькі боку, поле чыстае ад лесу. Скрыўленая, адсунутая Бушмарава дарога яшчэ мала вызначылася калясьмі. Межавыя палявыя слупы залезлі аж на яе – ледзьве з драбінамі льга прасунуцца.
Аміля кладзе рукі на Бушмарава плячо:
– Чаму ты гэтакі, Лявон?
– Што? – гаворыць ён адразу, – што ты сказала?
(Часамі ён гэтак ажыўляецца без прычыны.)
– Чаго ты на мяне сярдуеш?
– Iдзі туды, – паказвае ён пальцам на вёску. – Iдзі, адно прыходзь хутка.
Цяпер яна ўжо iдзе адразу, моцна ўздыхнуўшы, але ж i праўда, што не бавіцца там доўга.
Андрэй спатыкае яе жартлівым смехам:
– Хутарская гаспадыня iдзе. Ну, як гаспадар, не лішне эксплаатуе цябе?
Яна вымушана смяяцца.
У акне з двара відаць дзеці. Ходзяць за сталом па высокай лаве, насамі ледзьве дастаюць вокны. Вочы ў абодвух чорненькія, як вугельчыкі, аднагодкі – Амілін i Андрэеў.
– Iдзіце, сынкі, я вам тварыкі памыю, – гаворыць Аміля, калі ўвойдзе ў хату.
Бярэ іх абодвух на рукі i нясе ў мыцельнік да вядра з вадою. Хлапчукі ў захапленні пішчаць.
– Сыночак, – туліць яна да сябе свайго малога. – Можа, табе баліць што?
– Каб балела што, дык плакаў бы, – аскірзаецца пакрыўджаная Андрэіха. Разам жа з маім i ядуць i спяць.
– От пасварыцеся нечага, – рагоча на ўсю хату Андрэй.
– Я так гавару, мала што маці скажа, – апраўдваецца Аміля, – ці гэта што я скажу, дык…
Яна гладзіць па белай галоўцы свайго малога i спяшае назад да Бушмара. Андрэй выходзіць у сенцы. Стоячы ў дзвярах, глядзіць Амілі ўслед:
– Пабыла б калі больш… Эксплаатуе цябе твой гаспадар.
Ён раптам кідае жартаваць. Тон яго робіцца сталым:
– Табе i нядзелі няма?
Аміля ўжо выходзіць з двара.
Бушмар усё ж чакае яе. Яна як бы просіць яго:
– Я не бавілася, праўда?
Яны iдуць назад ужо разам. Калі край лесу губіцца за востраю павароткаю лясной сцежкі, Бушмар туліць яе да сябе. Яна, у гэты момант шчаслівая, глядзіць яму ў вочы; уся больш яшчэ прыгажэе, ружавее, жмурыцца, лашчыцца да яго. Падыходзяць да дому, i яна тут зноў успамінае тое, на што ён раней не адказаў:
– Чаму ты гэтакі… Нейкі…
– Які?
– Не гаворыш ніколі са мною?
Яна не спускае з яго вачэй, i ён глядзіць доўга ў яе гвар. Жанчына робіць цуд: на Бушмаравым твары з'яўляецца ласкавая мяккасць.
VIII
Вінцэнты на погляд здаецца ціхi чалавек. Ён ходзіць павольна i стала. У нядзелю заўсёды ўсцягвае на ногі шкарпэткі – шэрыя, у чырвоную палоску ўпоперак – жончына работа – i камашы. Ногі ў яго