Пошукі будучыні. Кузьма ЧорныЧитать онлайн книгу.
маё сэрца баліць аб табе, што ты астанешся арандатарам… Я аддаў той дзяўчынцы тое, што было тваё. Бог дасць, я вярнуся дадому і буду доўга-доўга расказваць табе пра гэта. Але ўсё яшчэ можа быць, можа я здолею зноў здабыць тут табе тваё, любы мой Густаў. Выбачай мяне, але я не хачу гэтымі цяжкімі думкамі душыць сваю светлую радасць аб тым, што мне добра цяпер і што чужыя людзі мяне вярнулі да жыцця. Калі ты падрасцеш, ты можа і асудзіш мяне, што ты не маеш маёнтка, але само жыццё і ўсё, што будзе з намі далей, згладзіць усё і перада мной можа зноў паставіць магчымасць здабыць табе тое, чаго ты варт, мой сын. Што ж, гэта адзіны раз у жыцці ў мяне так ірванулася душа і павяла мяне на гэты ўчынак…»
– Вы чуеце, як яго ўжо точыць чарвяк, што ён так ірвануўся душой? От бо нямецкая душа! Ніякіх там парываў, а ўсё павінна быць вылічана: колькі аршын радасці, колькі ўдзячнасці, колькі сяброўства і колькі дабра другому, каб не перадаць лішне. А можа ён яшчэ і з жывога гэтага Паліводскага здымаў, якое там к чорту знімаў! Здзіраў тое золата! Дык тады пісара пры ім не трэба было, каб запісваць, колькі немец скур з чалавека здзярэ. А вось калі душа яго на момант зварухнулася на справядлівую ўдзячнасць, дык ён адумаўся, што не паставіў пры душы таго пісара, які б падлічыў і запісаў, ці не залішне ён перадаў да чалавека ўдзячнасці, не гаворачы ўжо аб простым, бескарысным пачуцці. О, я немцаў ведаю. Яшчэ калі быў малады, служыў пры вялікім доктары, і ён мяне браў з сабою ў Германію, калі ездзіў паказваць свой спосаб, як рак вырэзваць… Ну, ты там, за комінам! Калі толькі адагрэешся добра, то злезеш і дасі ёй паесці, і пабольш каб яна піла, цёплага і гарачага. Бывайце і праўцеся, галубчыкі мае, унь Трыбуховіч пад'ехаў, дзякуй Богу, што на пагоду выбілася!
І ён пайшоў з хаты. Праз колькі хвілін ён знадворку прыклаў твар да шыбы і гукнуў:
– А калі ёй праз дзён два-тры не будзе рабіцца лепш, дык падскоч зноў да мяне, я прыеду банькі паставіць.
І пасля гэтага колы загрукацелі па вуліцы. У хаце стала зусім ціха. Кастусь быў рад, што гаваруна ўжо не было ў хаце, аднак жа штосьці нядобрае, ці як бы трывожнае павісла над ім. Яму рупела, што і конь на двары склее на холадзе, і што золата, знятае немцам з графа Паліводскага, ляжыць недзе тут у шуфлядзе, і што яму трэба яшчэ чакаць нейкага поту, і што яму не можна адразу ж устаць і пачаць гаспадарыць. Але самае большае – тыя гадзіннікі і пярсцёнкі як бы душылі яго. Чамусьці яны пасля фельчаравай гаворкі сталі яму страшнымі і агіднымі, што да іх дакранацца нядобра было. Так ён ляжаў, ляжаў, чакаў поту, але яму не было ўжо холадна. Ён не вытрымаў, збрыкнуў з сябе нагамі кажух і паволі сышоў з печы. У галаве злёгку кружылася, але ці мала што калі здараецца – ён прайшоў па хаце, пераабуўся, абмацаў на сабе рубашку – ужо яна была зусім сухая. «Дзякуй табе, Божа, абышлося і без патоў». З радасным пачуццём ён рушыў у свой даўно прыспелы занятак. Перш за ўсё ён напхаў у печ дроў і падпаліў. Праз дзесяць хвілін ужо была падоена карова, хвіліна спатрэбілася на тое, каб вывесці з аглабель вымучанага