Трэцяе пакаленне. Кузьма ЧорныЧитать онлайн книгу.
мусіць, пашлюць на фронт, толькі як сфармуюць часць. Быў у лісце і сум па старых бацьках і па дому і крыху нават нездавалення тым, што цяжкавата ў такі час быць у арміі. «Але нічога, – канчаўся ліст, – будзем спадзявацца, што вайна доўга не будзе». Давалася яшчэ парада, каб бацька не прадаваў цяляці ад чорнай каровы, а каб гадаваў.
Скуратовіч дачытаў да канца, хоць слухала ўжо толькі палавіна тых людзей, што стаялі тут спачатку.
– А Божа мой, цьфу! – скончыў Скуратовіч гаворку. – Гэта ж я спазнюся. Но! Бывайце здаровы!
I паехаў далей, мала цікавячыся тым, што асталося ў яго за плячыма. 3 пустым возам назад ён ехаў перад самым вечарам. Ён сумысля спыніўся каля пажарышча і пачаў расказваць:
– Вы думаеце, гэта адно каля нас робіцца такое бясчынства? Вы не чулі, што ў горадзе парабілася? To я вам зараз раскажу. Прадразвёрснага камісара ў гэтую самую ноч забілі. Ён дома не начаваў, ён нібыта, кажуць, аб’езд рабіў, а тым часам бандысты нейкія, ці што, як мне здаецца, то грабіць хацелі. А можа, злабу хто меў! Бо скажыце, калі ласка, як жа іначай. Прымчаўся ў горад апоўдні салдат, што з ім ехаў, ледзьве сам уцёк. Я-то не чуў ад яго самога, але як здаваў жыта, то людзі гаварылі. 3-за кустоў, расказваў салдат, пачалі страляць. На месцы, казалі ў горадзе людзі, палажылі камісара і яго аднаго салдата, а другі ўцёк. Цела знайшлі ў Скабінскім лесе, на самай езджай дарозе. Чалавек з таго боку здаваў развёрснае жыта, то казаў, што якраз там, дзе са Скабінскай дарогі ў лесе паваротка пайшла на Кацельнікі, калі каму трэба. Калі бо адвагу трэба мець, у яго палажэнні ездзіць уночы! Тут, чалавек, дома сядзіш, а і то дрыжыш, калоцішся. Гэтакі час, пане мой. Жартачкі!
– У Скабінскім лесе? To гэта, можа, адна рука, што і ў нас! Бо гэты ж лес ад нас не вельмі далёка.
– Можа, добра кажаш, і адна рука. Можа, якая шайка бродзіць.
Вестка пра забойства камісара была другім грукатам грому пасля першага, пасля забойства Зосінага бацькі і брата. У наступную ж ноч, не зважаючы на тое, што і міліцыя і атрад чырвонаармейцаў зрабілі вартавыя пункты на дарогах, яшчэ раз, як гром даў, так пайшла раптоўная навіна: звечара, яшчэ не позна было, яшчэ людзі не паклаліся спаць, – запалала неба над лесам. Людзі баяліся бегчы туды праз лес, хоць відаць было, што пажар непадалёку. Угадвалі, што гэта гарыць як бы Скуратовічаў хутар. На агонь выехала некалькі конных чырвонаармейцаў. Сапраўды, гарэў Скуратовічаў хутар. Адначасна гарэла гумно, вазоўня, склеп. Скуратовічыха рвала на сабе валасы.
– Няхай бы яны над намі злітаваліся б і падпалілі што-небудзь адно. A то ўсё! (Добра, што хоць коні нанач з хлява выгналі.) Цяпер загінем і павек не паўстанем.
Яна згарнула рукі і пачала праклінаць падпалыпчыкаў. У вачах яе было гэтулькі сапраўднай роспачы, што хто бачыў у гэтую хвіліну яе твар, таму рабілася страшна. Скуратовіч бегаў навокал агню і прыгаварваў:
– Зрабілі б аблаву якую, вылавілі б гадаў. Прапаў цяпер увесь мой спосаб да жыцця.
Пад канец пажару ўсё ж назбіралася крыху людзей з блізкіх вёсак, але ўсё адно нельга было нічога ўтушыць – была суш, і вецер