Трэцяе пакаленне. Кузьма ЧорныЧитать онлайн книгу.
дала яна штосьці яму.
– Сала? – узрадаваўся малы. – Дзе ж ты ўзяла, Зоська?
– Табе прынесла.
Ядучы, ён дурэў з сястрой, пасля кідаўся на ложак, куляўся там, заходзіўся бесклапотным смехам.
– Чалавека пабудзіш! – сцішала яго яна.
Кандрат Назарэўскі падняў галаву. Яна пазнала яго і не здзівілася, толькі глядзела на яго так, быццам чакала нейкага растлумачэння. Ён расказаў, што не мог адразу ехаць, бо ранены і яшчэ не паправіўся.
– А пакуль фурманку дастаў гэтую, дык патузаўся з гэтым Скуратовічам.
– Я таго і дадому прыйшла, што бяда мне цяпер будзе. Я без усялякай хітрасці сказала, што коні яго ў лесе, а пасля адумалася, што ён жа і сам ведае.
– А каб вы спачатку адумаліся, дык бы не сказалі?
Яна зразумела, што гэтым хацеў сказаць чырвонаармеец, і адразу не магла адказаць. Яна загаварыла як быццам пра іншае:
– Я не ведаю, што мне цяпер рабіць. (Вочы яе заблішчалі ад слёз.) Я ўжо баялася быць там, мяне там елі б, грызлі б. Ужо дзён тры мне спакою не будзе. Мне трэба было да паўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Там ужо гаспадыня панясе гэтаму Толіку ў ельнік есці, дык той ёй раскажа ўсё. Яна мяне заесць. Я дадому сюды прыбегла, аж бачу – Скуратовіча конь стаіць. Мы крыху сваякі.
Яна заплакала. Кандрат Назарэўскі неўзаметку ўваходзіў у справы чужога жыцця. Яны цяпер былі з гэтай дзяўчынай умешаны ў адну справу, як быццам змоўшчыкі яны былі. Спалоханы плачам сястры, хлапчук паглядаў на яго з кутка.
– А вы зусім кінуць служыць не можаце?
– Тады трэба будзе да каго іншага ісці.
3 шчырай даверлівасцю яна пачала расказваць пра сваё парабчанства, пра свайго бацьку, пра Скуратовіча. Цяпер гэта ўжо не была тая наіўная дзяўчына, што так неспадзеўкі і проста ўспомніла гаспадару пра коні ў ельніку. Яна нават своеасаблівым парадкам давала ацэнкі некаторым справам і людзям. Тут яна выявіла сталую спрактыкаванасць. Яна расказала пра Скуратовічаў тое, што сама бачыла і што магла чуць ад людзей, за яе старэйшых.
Як ужо быў Скуратовіч за аканома ў пана, узяў сабе замуж панскую ахмістрыню, а сваю сястру ўмасціў к пані запакаёўку. Раптам з’явіўся на даляглядзе чалавек. Гэта быў Стафан Сэдас, панскі сырнік. Скуратовіч і цяпер як мае быць не ведае, адкуль ён быў родам, гэты Стафан Сэдас. Hi то з-пад Гародні, ні то з-пад Сувалак, а можа, нават і з-пад самай Варшавы. Бачыў і ведаў Скуратовіч толькі адно: чалавек гэты з добрай галавой, не любіць мужыкоў, выглядае панам, умее добра з папамі абыходзіцца, а як пачне гаварыць – то не спаў бы, не еў бы, а ўсё слухаў бы. Адным словам, чалавек, можна сказаць, культурны. Ён – і пра сямейныя інтымнасці ўсіх навакольных паноў, і пра гешэфты павятовых скупшчыкаў і перакупшчыкаў, і, нават, у вясёлую хвіліну, калі ў галаве туманіцца хмель, пра заляцанні старога пана да аптэкаравай жонкі ў мястэчку. I раптам гэты чалавек, гэтакі добры знаёмы, гэтакі прыемны госць робіцца Скуратовічавым сваяком – бярэ замуж панскую пакаёўку, Скуратовічаву сястру. Пан адчыняе другую сыраварню, і Стафан Сэдас робіцца майстрам у двух маёнтках