Вяртанне Ліліт. Юлія ШароваЧитать онлайн книгу.
адно ўздыхнуў, і Мілана пашкадавала, што пацікавілася такімі відавочнымі рэчамі.
– Такое правіла, – распачаў ён. – Я трымаюся ад іх як найдалей, каб не спакушацца. Фізіялагічна я звычайны хлопец, у мяне ўсё добра са здароўем, і гэта дзіка нязручна. Калі ў мяне з’явіцца дзяўчына і я не стрымаюся, тады я страчу свае здольнасці і памру, як чалавек, без права вярнуцца… Разумееш, мне тут кепска, асабліва ў гэтым горадзе, але я не маю права пакінуць яго надоўга – яшчэ адно правіла. Раней нікога з нас не скіроўвалі сюды. Нас надзвычай рэдка высылаюць на Зямлю, а каб яшчэ і ў гэтую краіну…
– За што цябе так?
– Выказаў сумнеў у вінаватасці Евы. Цяпер я змушаны ахоўваць край. Таму пераезд пад забаронай. І дзяўчаты таксама.
Мілана болей не задае пытанняў. Калі робіцца ўжо зусім халодна, яна запрашае Лукаша ў госці. Мурмур некуды знік – яму часам хочацца пабыць на самоце, а можа быць, ён зноў залез у філармонію праз сутарэнне, каб паслухаць сімфанічны канцэрт. Вернецца ў полудзень, эстэт чортаў.
Дзіўна: патрэбнага ёй сілкавання не было, але яна адчувае сябе адноўленай і бадзёрай. Мілана не пытаецца, як Лукашу гэта змаглося. Яны п’юць каву на кухні і не заўважаюць, што спакваля надыходзіць дзень.
– Я люблю світанні і заходы, бо тады святло сустракаецца з цемрай, – сказаў Лукаш.
– Мая хата з Новага года вызваляецца. Хочаш яе зняць і зваліць ад бацькоў?
– Было б файна. А гаспадыня падпіша са мной дамову? Мне ж яшчэ нельга… амаль год нельга нічога падпісваць.
– Я таксама маю сякія-такія здольнасці. Мы яе намовім, абяцаю.
На развітанне ён злёгку цісне левую руку Міланы. Бачыць на ейным запясці пляму як ад апёку – стары месяц з крыжыкам. Сумна ўсміхаецца. Лукаш сыходзіць, а Мілане мрояцца іскрыстыя промні, як ад сонца, і лёгкія абрысы белых крылаў.
31
Сінастрыя: квадратура Месяцаў і Венераў, Сатурн мужчыны ў квадратуры з Венерай жанчыны
Зіма ў той год прыйшла заўчасна, і моцныя маразы ляснулі ўжо пры канцы лістапада. Самагубцы перасталі прагнуць смерці і занурыліся ў ліпучую дэпрэсію ажно да вясны, а паэты перасталі пісаць вершы.
Юрась Карповіч дапісваў свой раман у стылі палітычнага фэнтэзі. Ён не быў дэпрэсіўным суіцыднікам і паэтам таксама не быў. Ён меркаваў, што ягоны раман зломіць паліцы культавага прыватнага выдавецтва. Заставалася дапісаць апошнія раздзелы пра катастрофу крывавага Уладара і пра паўстанне, на якое натхніла зацюканы народ пекная Міліца. Яна знайшла чароўны камень, у якім схаваная сіла, здольная зваліць Уладара… што рабіць з тым каменем, Юрась не прыдумаў, не было часу. Ён цяпер працаваў у шалёным рытме, бо ў Мінску ўрэшце зрабілася сапраўды весела, і журналісту было пра што пісаць.
Гэта ж інфармацыйнае прыволле, калі тузін палітыкаў штурмуе фатэль Уладара Усяе Беларусі. Юрась Карповіч, прыйшоўшы позна ўвечары пасля чарговай прэсавай канферэнцыі ці вандроўкі па рэгіёнах, сядаў за свой раман і ўсё не мог выціснуць з сябе канцоўку. А што, калі «нашыя перамогуць», і раман станецца неактуальны? Такія кнігі добрыя, калі трэба падтрымліваць