Праведная галеча. Франс Эмиль СилланпяяЧитать онлайн книгу.
адразу ж, але грошы як ветрам вынесла, і перад ёю застаўся адзіны спрадвечны шлях такіх жанчын: пайсці ў дамашнія прыслугі. Людзі прадказвалі ёй новыя няшчасці, бо ўрадзілася яна бесхарактарнай размазнёй. Аднак гэтыя прароцтвы не спраўдзіліся. Калі ж напярэдадні Міхайлава дня памерла гаспадыня хутара Нікіля, а Мая той жа восенню пайшла ў парабчанкі да гаспадара хутара, людзі загаварылі: «Хутка ў Пеньямі будзе новая жонка». Вось гэтае прадказанне збылося. А цяпер Мая ляжала на палку ў саўне, збіраючыся радзіць, і павітуха Ловіса завіхалася каля яе.
Мая ўсёю душой хацела і чакала родаў, бо да гэтай пары яе жыццё нагадвала блуканне ў цемры і стаць поўнай гаспадыняй хутара не было цвёрдых спадзеваў, а таму, хоць і мела невялічкі розум, яна даўмелася, што дасягнуць усяго можна, толькі нарадзіўшы дзіця. Нічога яна так не хацела, як замацавацца ў жыцці, стаць на ногі, а калі гэта не ўдавалася, дык чым яна вінаватая, што жыццё пайшло зусім не так, як павінна ісці ў звычайных сялянскіх дзяўчат? Пяць гадоў яна прабыла парабчанкай, але ніколі не лічыла сябе знядоленай і прыніжанай, бо ўсё гэта было часова, а неўзабаве пачнецца сапраўднае жыццё. Таму яна адразу ж паддалася дамаганням гаспадара. Мая была нават задаволена, што ён такі стары, зжаўцелы ад тытуню, удовы п’янтос. Усё гэта было толькі да лепшага, і зусім не таму, што яна думала аб сваім прыніжэнні, а таму што як гаспадар і гаспадыня яны выдатна падышлі б адзін аднаму.
Так думала Мая ў поўнай упэўненасці, што хутка стане гаспадыняй, і кожны дзень на працягу ўсяго тыдня ёй салодка мроіўся голас пастара: «Удовы селянін Пеньямі, Пеньямінаў сын, і сялянская дзяўчына Мая Ёсэфіна, Стэфанава дачка…» Аднак пастар у царкве абвясціў толькі «парабчанка з таго ж хутара» – і ні слова аб маладой дзяўчыне. А неўзабаве і сама Мая заўважыла, што пачатак новага жыцця застаўся недасяжным, нічога ў яе жыцці не змянілася пасля вянчання. І цяпер яна не магла называць мужа іначай як «гаспадар» і толькі на вы. І абедзве дачкі гаспадара называлі яе па-ранейшаму – Мая. Гаспадар жа, калі казаў пра жанчын, называў іх толькі баб’ём, а калі быў у асабліва добрым гуморы – бабамі. Той жа самы безыменны страх, які валодаў ёю, калі яна жыла спадзевамі і мроямі, так і не пакінуў яе пасля таго, калі мары збыліся. Пачатак новага жыцця адкладваўся. Яна займалася і тым, і гэтым, і Бог ведае чым яшчэ, а ўсё астатняе заставалася толькі яе ўяўленнем. Толькі адзін раз Мая зрабіла бездапаможную спробу паставіць сябе гаспадыняй: груба і рэзка абышлася з Ловісай, каб адлучыць яе ад дому. А ў выніку гаспадар, вярнуўшыся дамоў у шале, заявіў, што «калі вы, баб’ё, паганыя вы каровы, зараз жа не разбежыцеся па сваіх стойлах, дык тады…» Так Пеньямі высоўваў напаказ сваю застрашальна грубую існасць састарэлага мужчыны, нібыта хацеў давесці, што ён стаіць нашмат вышэй за ўсялякае там баб’ё. Пеньямі ніколі не меў патрэбы думаць пра тое, як уладкавацца ў жыцці, яму патрабавалася толькі пашана. Выявілася, што павітуха Ловіса не такі ўжо і дрэнны чалавек, бо пасля ўсяго яна пачала ставіцца да Маі лепей, чым раней.
Больш удала жыццё ў Маі не складвалася.