Канец адзіноты. Януш Леон ВишневскийЧитать онлайн книгу.
крыміналістыка змешваліся ў ідэальнай прапорцыі. Калі б Карына зрабіла з гэтых лекцый серыял, думала Надзя, яго без ваганняў купіў бы «National Geographic». А можа, нават «Нэтфлікс».
Карына была выбітнай выкладчыцай, студэнты ёю захапляліся, у іх анкетах яна здабывала бескампрамісную перамогу ўжо некалькі гадоў запар. Мабыць, таму яе не любілі выкладчыкі. Яна не ўваходзіла ні ў адну тусоўку. Калі ў прыёмныя гадзіны яе не было на факультэце, Карына была даступная па скайпе, усе прэміі і ўзнагароды цалкам пералічвала на рахунак студэнцкага навуковага гуртка. На думку Надзі, гэта быў тактычны ход і частка далёкасяжнага плана, па сваёй сутнасці – вельмі высакароднага. Мэтай Карынінай працы ў польскіх універсітэтах было нястомнае рэкрутаванне. Спачатку яна зачароўвала студэнтаў харызмай, потым вылоўлівала найлепшых і выпрабоўвала на дробных праектах у Польшчы, а калі чаканні апраўдваліся, наймала. Не выключана, што аднойчы разам з Карынай гэтыя людзі трапяць у месца, якое было вяршыняй мар – і яе, і ўсіх, хто любіў камень: у святыню Ангкор-Ват пад Сіемрапам у Камбоджы.
Гэтае выпрабаванне прайшла і Надзя. І яе з Карынай сяброўства і агульныя ўспаміны з Руанды не мелі ніякага значэння: Карына раздзяляла прафесійныя пытанні і асабістыя сімпатыі ці антыпатыі. Яна даручыла Надзі «тонкую працу» ў кляштары на Мазурах, ля возера, якога не было на карце, сярод лясоў у поўнай глушы, там, дзе нават сігнал GPS не лавіў. Да таго ж кляштар быў не зусім звычайны. У абатысы апрача сапраўднага паклікання была навуковая ступень па фізіцы, а сёстры ў дадатак да шчырых малітваў арганізоўвалі для пажылых жыхароў навакольных вёсак курсы «лічбавай пісьменнасці, каб змагацца з іх лічбавай ізаляцыяй». У тых мясцінах пытанне стаяла асабліва востра, бо вёскі фактычна апусцелі, калі моладзь з’ехала шукаць лепшага жыцця ў Германіі і Англіі. Інтэрнэт дазваляў іх бацькам і бабулям-дзядулям не толькі трымаць з імі кантакт, але і – у першую чаргу – запаўняць пустату, знаёміцца з жаніхамі-нявестамі дзяцей альбо глядзець на нованароджаных унукаў. І гэта была асноўная мэта сёстраў у лічбавай асвеце вакольнага сялянства.
Для Карыны кляштарнае заданне было толькі дробным праекцікам, затое для Надзі – першым сур’ёзным экзаменам. Так яна да гэтага ставілася. Як да нечуванага падарунка лёсу. Таму занурылася ў справу з галавой.
– Але толькі спачатку, – шаптала яна, прыціскаючыся да Якуба. – Потым на тых мастках з’явіўся ты, і я скрэбла сцены проста каб вечара дачакацца. Наступнай сустрэчы. Ты паступова ап’яняў мяне. Можа, таму ў мяне так добра атрымлівалася.
Калі б не Карына, Надзя ніколі б не трапіла на тыя масткі, калі б не Карына, яны б, хутчэй за ўсё, ніколі не сустрэліся. Таксама ім на дапамогу прыйшлі лёс і адукаваная настойлівая абатыса, якая выбівала з курыі грошы на новыя камп’ютары для сёстраў і на інтэрнэт, што працаваў бы нават за тоўстымі сценамі. Так і перасекліся сцежкі Якуба і Надзі.
– Чаму Алекс чакае мацней? – спытаў раптам Якуб, якога вырвала з задуменнага