Канец адзіноты. Януш Леон ВишневскийЧитать онлайн книгу.
Усходу».
Урэшце надышлі Каляды. Дажджлівыя, ветраныя, цёплыя, нібы напрадвесні, з зацягнутым цёмна-шэрымі хмарамі небам – на такім небе дзецям можна было нават не спадзявацца заўважыць хоць нейкую зорку, пагатоў першую. Каляды без адзінай сняжынкі. Зусім не зімовыя. Але для Якуба гэта ўсё не мела ніякага значэння. На вялікае здзіўленне маці, ён з самай раніцы дапамагаў на кухні абсалютна без прымусу, потым яны з бацькам ставілі і аздаблялі ялінку. І ўсё ў нечуванай згодзе і гармоніі. Без сварак, без перапалак, маўляў, гірлянды, як заўсёды, не працуюць. Без выпяндрожу, а спакойна размаўляючы, уважліва слухаючы адзін аднаго, разняволена жартуючы. Якуб памятае падазрэнне на матчыным твары, калі яна, пачуўшы гучныя галасы, час ад часу ўрывалася ў пакой з пагрозлівым выглядам, гатовая разнімаць іх. Памятае яе выразныя ўздыхі палёгкі, калі аказвалася, што тыя крыкі – зусім не сварка, а выключна весялосць, і што ялінка «ўпрыгожваецца». Памятае, што, калі яны скончылі, бацька знік у спальні, а ён сеў за яшчэ пусты стол. З кухні даносілася мелодыя нейкай калядкі, што перамяжоўвалася маміным спевам і гукамі яе мітусні. Дом пах ігліцай і посным баршчом.
Якуб глядзеў на агеньчыкі гірлянды, што адбіваліся ў акне, і думаў пра бацьку.
Пасля памятнага жнівеньскага «праекта для Марціна» ягоны бацька зрабіўся зусім іншым бацькам. А ён, у сваю чаргу, стараўся быць іншым сынам. Пасля вяртання Якуба з Мазураў яны размаўлялі пра гэта толькі аднойчы. Неяк ранкам у пачатку верасня, калі галіліся ў ваннай. Яны стаялі побач і глядзелі ў вочы адзін аднаму ў люстэрку.
– Марцін мне ўчора напісаў, што ты дзесяць дзён працаваў па дванаццаць гадзін. Часам нават ноччу, – нечакана прамовіў бацька. – Пры стаўцы дзвесце за гадзіну ў яго атрымалася дваццаць восем тысяч.
– Гэта немагчыма, – адказаў здзіўлены Якуб, перастаючы галіцца.
– Што немагчыма, сынку?
– Што Марцін так памыліўся. Бо калі перамножыць адно на другое, будзе дваццаць чатыры тысячы, – спакойна сказаў хлопец. – Не кажучы пра тое, што для мяне столькі зашмат, я шчыраваў дзеля цябе, тата, – Якуб памаўчаў і дадаў: – Не дзеля грошай.
Бацька таксама перастаў галіцца, абапёрся на рукамыйнік і нахіліў галаву.
– Не памыліўся ён, сынку, – яго голас гучаў неяк незвычайна. – Ён ніколі не памыляецца, не такі гэта чалавек. Ты працаваў у суботу і нядзелю, да таго ж галавой. За гэта табе і належыць на чатыры тысячы больш. Паводле кантракта.
– Усё адно не сыходзіцца, тата, – ціха перабіў яго Якуб.
– Фармальна ты маеш рацыю, – адказаў бацька. – Але калі падыходзіць нефармальна, то Марцін лічыць, што злавіць сігнал на някошаным полі за высокім мурам – гэта прафесіяналізм сусветнага маштабу. І што ты заслужыў прэмію. Зрэшты, так лічыць уся яго каманда, – смеючыся, дадаў ён.
А потым здарылася нечуванае. Бацька абняў Якуба і сказаў:
– Дзякуй табе, сынку. Ты нават не ўяўляеш, як я ганарыўся, калі на здачы праекта да мяне ўвесь