Цені Дзікага палявання. Алесь КожедубЧитать онлайн книгу.
ранішняга дажджу. Не, далей ідзе чалавек, не разумее нічога, не хоча разумець, яшчэ раз даказвае, што ўпарцейшага за чалавека нікога няма. Нехта ляпае чалавека па плячы, па спіне, ляціць з галавы шапка. Чалавек стаіць напяты, пальцы, што сціскаюць сякеру, пабялелі, вочы круглыя, бы ў савы, калені дрыжаць і гнуцца, дзіўна, што ногі яшчэ трымаюць. І зусім нікога наўкол, нічога, ветрык і той аціх, адно сонечныя плямы пагладжваюць зямлю, усміхаюцца. І дзікі рогат ззаду, ад якога скочваецца ў пяты сэрца і талахціць у іх, бы птушка. Тут ужо і ўпарты не вытрымлівае, паварочваецца і бяжыць як можа, не зважае на канавы і ямы, сухое сучча збівае і нават пянькі струхлелыя, бяжыць і не бачыць нічога, аж пакуль не ўзбіваецца на знаёмую сцежку. Тады з’яўляюцца: калі балота – Чортава балота, калі лес – Лешукоў лес, калі якое прыкметнае дрэва – Ведзьмакоў дуб.
Найбольш лесавік не любіў, калі чалавек з’яўляўся каля ягонага цяперашняга жытла. Даўней такое здаралася надзвычай рэдка, цяпер было.
Пушчы, лесу, якога лесавік меўся ахоўваць, было ўжо зусім мала. І звяроў у лесе таксама было… не зусім. Лесавіку здавалася, што ў гэтай пушчы, у гэтых цяперашніх лясках ён быў, ён жыў столькі ж часу, колькі стаяла пушча. Былая пушча. І ён перабіраўся з імшараў да сухіх гаёў, са звонкіх сасоннікаў у глухія ельнікі, з асіннікаў на балоце ў маладыя, вясёлыя бярэзнікі – і заўсёды быў пры справе, не адчуваў часу, яго страшэнна імклівага і адразу незаўважнага бегу. Старыя дрэвы паміралі, але з-пад іх вырасталі новыя. Ваўчыныя зграі доўга гналі ласіныя статкі, адбівалі з іх слабейшых ласёў, абкружалі іх цесным колам, падступаліся ўсё бліжэй, потым усе адразу кідаліся – і ласі гінулі; але ў другім статку маладыя ласі ўжо мераліся лбамі, пхаліся, тапталіся на месцы, стараючыся зрушыць, скрануць, паваліць саперніка, перамагчы. Гулі мяцеліцамі зімы, звінелі празрыстымі рэчкамі леты, адляталі з восеньскіх балатоў журавы і апушваліся жаўтлявымі каташкамі маладыя вербы ўвесну – усё гэта лесавік бачыў незлічоныя разы і ў самых розных месцах. Бывалі пажары, людзі выкарчоўвалі ляды, ставілі на іх хаты і засявалі палі, мяняліся рэчышчы рэчак, але яму ніколі не здавалася, што ў ягонай пушчы адбываюцца надта вялікія змены. Так было вельмі доўга, пакуль аднойчы ён не заўважыў зубра-адзінца, які выбрыў з лесу да вялікае вёскі, і людзі, убачыўшы яго, спачатку ад здзіўлення анямелі, а потым кінуліся з коп’ямі і сякерамі, пачалі абкружаць яго, гаўкалі сабакі і далёка ляцелі крыкі, – людзі ішлі зубра забіваць. А зубр, здурнеўшы, мусіць, ад старасці, стаяў, чакаў, звесіўшы рэдкую бараду-ахвос-це, не бараду – закарэлыя касмыкі, і ў вачах яго гарэў агеньчык зайшоўшага сонца, у вачах была пустэча. Тады над пушчаю яшчэ толькі браліся першыя мяцеліцы, не мяцеліцы – подыхі ветру са снегавымі крупамі, аснежаных дрэў яшчэ не было, хіба што зацярушанаю выдавала воўна ядлоўцавых кустоў, – і лесавік, забыўшыся нават як мае быць павыць, павішчэць, пагусці, пачаў кідацца слабым снегам у чалавечыя вочы, пачаў дзьмуць проста ў ілбы, пад ногі кідаліся