Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
Ротмістрава – назва даволі мілагучная і не стварае праблем пры ўспрыманьні яе замежнікамі. Rotmistrowstraße або Rote-Мistrow-street магла б існаваць ня толькі ў Шабанах. Самое слова «Ротмістрава», здаецца, мусіла б настройваць на вайсковы лад, бо «ротмістар» – гэта нешта трошкі польскае, але перадусім белагвардзейскае, з раньняга, кранальнага дзяцінства зь яго героямі грамадзянскай вайны і суворай каляровай герархіяй. У тых каляровых баталіях я заўжды быў на баку белых, а пазьней – фрыцаў. Можа, таму, што тагачасная прапаганда, сама таго не ўсьведамляючы, рабіла сваіх анёламі, супэрмэнамі, паўбагамі, а ўсё чалавечае заставалася на долю ворагаў? Супэрмэны хутка надакучваюць, пагуляў і выкінуў, а чалавечае, злое ляжыць у табе тонамі, ты – бяздонная бочка чалавечасьці, і цябе да яе цягне інстынктыўна.
Ротмістар стаіць прыкладна тамсама, дзе і паручнік, на пару з тым легендарным есавулам, які кінуў каня, бо прыстрэліць не паднялась рука. Такім чынам, вуліца Ротмістрава мелася стаць наглядным дапаможнікам да ўрокаў ПВП у старэйшай школе. Глядзі ў акно, натхняйся, зараджай, страляй. Ябош, як казалі ў Шабанах. Ці – эстэцкі варыянт: ейбож (ад ей-боже). Мелася, але ня стала. Чамусьці чуецца ў ёй нешта гастранамічнае, але не рэстараннае, а хутчэй сталоўскае: бо тут ёсьць рот і міса, а што яшчэ трэба – калі галодны, можна браць зь місы нават рукамі, так нават смачней. Магчыма, гэта салдацкая сталоўка. Ці турэмная. Рот. Міса. Страва? Трава. Мясам у такіх сталовых ня кормяць.
Як і належыць есавулу, паручніку, фэльдфэбэлю ці дзеншчыку, господін Ротмістровъ меў густыя вусы: сьціплая даніна адначасова Будзённаму і мужчынскай будзённасьці. Потым да вусоў дадаліся акуляры, у выглядзе зьявілася нешта адміральскае, Ротмістраў на сваіх позьніх фота глядзіць у іх, нібы ў пэрыскоп субмарыны ў пошуках чарговага «Вільгельма Густлафа». Хаця сам ён быў танкіст – але якая розьніца, у чым плаваць. Былы волскі плытнік Ротмістраў паўсюль пачуваўся, як рыба ў вадзе.
Невядома, што было водападзелам у жыцьці Ротмістрава для яго самога. Магчыма, той момант, калі ён быў у канцы трыццатых выключаны з партыі і над ім навісла пагроза арышту – ды ўсё абышлося. Але для нас самая важная дата ў ягоным жыцьці – 3 ліпеня 1944 году. Менавіта з гэтага дня пачынаецца шабаноўскі пэрыяд яго жыцьця. Пятая гвардзейская танкавая армія пад кіраўніцтвам атамана Ротмістрава бярэ Менск. Напярэдадні генэрал атрымаў прачуханца ад Стаўкі: «Стаўка незадаволеная маруднымі і нерашучымі дзеяньнямі 5-й танкавай арміі і зьвязвае гэта з дрэнным кіраўніцтвам з боку тав. Ротмістрава… патрабуе імклівых і рашучых дзеяньняў…» І Ротмістраў, які цудоўна ведаў, чым пагражае такая незадаволенасьць, вырашыў кінуць да ног Стаўкі сталіцу советской Белоруссіі. Хутчэй за ўсё ні сам Ротмістраў, ні ягоныя танкісты вёску Шабаны так і не наведалі, Менск яны бралі з поўначы і паўночнага ўсходу. Узялі і пакацілі далей, на Вільню. Там у Ротмістрава не атрымалася рашучых дзеяньняў, і камандуючы фронтам Чарняхоўскі зьняў яго з пасады. Але было ўжо позна… Менск быў асуджаны, хай сабе і праз