Эротические рассказы

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахарэвiч


Скачать книгу
Пральна, яна ж за ім не глядзела, калі ён з пахмельля падыхаў, калі яго ў гаражах манціроўкай па галаве стукнулі, калі яго ў паліцыі ўсю ноч мучылі, як нечалавека нейкага, за тое, што ён у мэтро заснуў, яна ж яго з арміі не чакала два гады, яна ж не пахала як конь, калі яго па два-тры тыдні дома не бывае. Твой Сіманенка, вядома, па гаражах уначы ня ходзіць, нічога не скажу, але наконт блядзіны я б на тваім месцы падумала, вылічыла б хто, хочаш, разам пасядзім, сьпіс складзем, кандыдатак прамацаем, чуеш, Сафія?»

      Але не было ўжо ў кухні ніякай Сафіі. Суседка выпіла адзін кілішак, другі, журботна зьела лыжку ікры, зьняла з ручкі дзьвярэй рэмень і пайшла ў нетры кватэры займацца выхаваньнем.

      Раніцай Сафія патэлефанавала сьвякрусе і, палохаючыся свайго голасу, распавяла ўсё як ёсьць. Яна яшчэ ніколі ў жыцьці не прамаўляла такія рэчы і таму адчувала сябе так, нібы вымушаная хлусіць. Як яна і чакала, на супакаеньне не было чаго разьлічваць – ёй самой давялося супакойваць сьвякруху, чаго Сафія дужа не любіла. Сьвякруха, аднак, з удзячнасьцю прымала суцяшэньні і патрабавала новых. Сафія наогул не выносіла патасу, ні ў якім выглядзе, і лічыла, што ўсе гэтыя словы, якія гаворацца выключна з мэтай іх сказаць, без увагі на канкрэтнае значэньне, словы абстрактныя і туманныя, словы, якія паразытуюць на традыцыі, словы, якія камусьці важна пачуць, што б яны ні значылі – гэта словы лішнія, нявартыя таго, каб быць у лексыконе прыстойнага чалавека. Кожны раз, калі яна была вымушаная іх вымаўляць, ёй здавалася, што ёй зараз зарагочуць у твар, а то і поўху ўлепяць, крыкнуць: «Што за лухту ты вярзеш!» – але ніхто так чамусьці не рабіў і з удзячнасьцю прымаў вымучаныя, бляклыя, мёртванароджаныя словы Сафіі. Больш за ўсё, здаецца, Марыю Генадзеўну ўразіла тое, што сын зьнік у адных тапках. Нібыта калі б ён зьнік у туфлях або красоўках, усё было б ня так драматычна. Сьвякруха наплакалася і пайшла піць лекі, а насамрэч званіць мужу. І тут ужо амаль адразу патэлефанаваў і сьвёкар, Лявон Уладзіміравіч. Той ужо стаў суцяшаць Сафію. І зноў – словы, словы, словы, словы, якія Сафія магла прадугадаць да лягічнага націску, да парадкавага нумару ў фразе, словы, якія самі па сабе ня значылі анічога – але трэба было цярпець, казаць дзякуй і нават трошкі паплакаць. Лявон Уладзіміравіч узяў з Сафіі абяцаньне сёньня ж аднесьці заяву ў паліцыю, і яна паабяцала, намагаючыся як найхутчэй скончыць размову. Сьвёкар палез адбымацца – па тэлефоне гэта было нялёгка, але затое і ня так гідка. Не пасьпелі яны разьвітацца, як ператэлефанавала Марыя Генадзеўна, ужо пасьля лекаў – гэтай Марыі Генадзеўне трэба было пачуць, як Сафія плача. Закочваючы вочы, Сафія сымітавала кароткі аргазм, і гэта прайшло. Дзейнічаць трэба, а не раўці – хацелася крыкнуць ёй у слухаўку. І гэта ж быў толькі пачатак – пакуль Сафія размаўляла з Марыяй Генадзеўнай, на лінію марна прарывалася маці Сафіі, зь якой ужо пасьпеў зьвязацца Лявон Уладзіміравіч, так што давялося яшчэ гаварыць і з маці, вечна падазроны голас якой гэтым разам быў афарбаваны ў колеры трыюмфу: маўляў, я ж казала, я ж цябе папярэджвала!..


Скачать книгу
Яндекс.Метрика