Эротические рассказы

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахарэвiч


Скачать книгу
тады яны значылі капітуляцыю перад стыхіяй, абдымкі ўсемагутнай лавіны зь вераю ў легендарнага сэнбэрнара. Той, хто трыццаць гадоў таму скідваў бомбы на шабаны, пэўне ж, праклінаў іхную хаатычную забудову ў ранішнім тумане, якая зь яе такой недвухсэнсоўнай вышынёй тым ня менш заўжды імкнецца пазбавіцца, адмовіцца ад адказнасьці – у шабанах цяжка вызначыць, які з аб’ектаў мае стратэгічнае значэньне, а які не, і лётчык, зрабіўшы колькі колаў, з лаянкай скідвае свой груз проста ў катлаван, у жоўтую ваду, у адлюстраваньне шабаноў, у іхнае люстэрка, якое толькі на імгненьне скалыхнецца і адразу ж супакоіцца. Шабаны немагчыма згвалціць, бо ніводзін гвалтаўнік ня знойдзе ў іх ні похвы, ні рота, ні ануса, нічога такога, што можна было прыняць за схоў; шабаны немагчыма апаганіць, бо як можна апаганіць люстэрка.

      Як гіганцкія люстры, яны зьяўляліся ў прыцемках гэтых чужых гарадоў: Сал! – Бэн – Ён – Рош! – і вось яны як на далоні, з прэтэнзіяй на вечнасьць, велічныя, як трыюмфальныя аркі, і непахісныя, як часовае замірэньне. Бо малако ліецца, а служанка нахіляецца, а ў тварог ператвараюцца адно замерлыя гледачы. І калі я трапляю ў варшаўскія, гамбурскія або львоўскія шабаны, у мяне няма адчуваньня, што я ў сваёй стыхіі, што я апынуўся ў сваім дзяцінстве – толькі разгубленасьць, толькі дэзарыентацыя, толькі ногі становяцца мяккія, як тварог. Шабаны непадуладныя мапам, бо для іх ты сам – мапа, паводле якой яны, часам спыняючыся пад ліхтарамі, рухаюцца да цэнтру гораду.

      Рош яшчэ ніколі дагэтуль не пакідаў Шабаноў. Тут было ўсё, што трэба для жыцьця: установы, якія выдаюць паперы, і ўстановы, якія іх прымаюць. Адсюль езьдзілі кудысьці аўтобусы, раз на гадзіну, па шашы, міма чародаў жыгулёў і масквічоў, і ў вачох кожнага пасажыра цьмяна зьзяў катлаван. Рош ведаў, што ў цягніках мусяць быць машыніст, правадніца і гарбата ў падшклянках. І няхай гэты цягнік быў незвычайны цягнік – тады тут мусілі быць незвычайны машыніст, незвычайная правадніца і незвычайная гарбата. Таму ён зноў пайшоў у самы канец, паглядзеў на шынэль, які ўсё гэтак жа валяўся на падлозе (лыжная шапачка зусім угрузла ў лужыне каля дзьвярэй і стала ўжо проста анучай), і, адчуваючы дзіўны спакой, пералез у наступны вагон. Гэты нічым не адрозьніваўся ад папярэдняга, хіба што наяўнасьцю замест шыняля й шапачкі нейкіх старых газэцін. Трэці вагон быў цяплейшы. Як толькі Рош прамінуў першае купэ, насустрач яму выйшла правадніца. Яна вохнула (потым Рош часта прыгадваў гэты гук, бо ў той момант ад яго па скуры забегалі прыемныя мурашкі) і чамусьці схапіла Роша за руку. Яна загаварыла, хутка-хутка, Рош не разумеў, што яна кажа, і таму сказаў: «Рош»; яна заківала. «Сал, Ён, Бэн!» – сказаў Рош звонка, азірнуўшыся на тамбур, і вагон, соладка выгнуўшыся, паўтарыў. Яна правяла яго за руку, як малога, у сярэдзіну вагона – там, у такім самым брудным, але сухім купэ сядзелі трое мужчын прыстойнага выгляду і пілі гарэлку, закусваючы батонам і каўбасой.

      «Як там, да ветру хадзіць ня мокра?» – запытаўся ў правадніцы, усьміхнуўшыся, адзін з мужчын


Скачать книгу
Яндекс.Метрика