Літвінская кухня. Кухмістр ВерашчакаЧитать онлайн книгу.
спажывання нашых алкагольных (і не толькі) традыцыйных напояў. Гэта зроблена наўмысна: такіх нарысаў за апошнія 2–3 гады напісана аўтарам нямала, і яны працягваюць пісацца. У выніку з’явіўся праект асобнага выдання, прысвечанага гэтай тэме. Калі здароўе, творчая ўдача і Той, Хто ўсім гэтым кіруе, дазволяць аўтару здзейсніць задуманае, дык праз нейкі час чытач будзе мець магчымасць пазнаёміцца яшчэ і з такой кнігай, якая лагічна дапоўніць тую, што ён чытае ў дадзены момант.
Вялікі Гасцінец Літоўскі і гарадзенская кухня
Wielki Gościniec Litewski. Так называецца група польскіх энтузіастаў, якая аднаўляе атмасферу няспешных падарожжаў па былым Вялікім Гасцінцу Літоўскім, які некалі злучаў Варшаву з Гроднам і Вільняй. Па тэрыторыі Польшчы ён ішоў праз Станіславаў, Ліў, Венграў, Сакалоў Падляскі (дзе і месціцца штаб-кватэра віртуальнага гасцінца), Драгічын, Цехановец, Браньск, Бельск Падляскі, Беласток, Васількоў, Чарну-Беластоцку, Саколку, Кузніцу… Так калісьці ездзілі са сталіцы Рэчы Паспалітай у сеймавае Гродна і літоўскую сталіцу Вільню.
У Вялікага Гасцінца Літоўскага ёсць і кулінарнае вымярэнне, якое злучае кавярні, рэстараны, лакальных вытворцаў, якія даюць магчымасць пакаштаваць смакі, якія некалі адчувалі падарожныя па Гасцінцы. У самым канцы 2013 г. выдадзены адмыслова кулінарны шляхавод па гасцінцы, які прадстаўляе гэтыя смакі – ад варшаўскіх рэстарацый у стылі ХІХ стагоддзя да падляшскіх «заездаў», якія прадстаўляюць «літвінскую кухню» і татарскія дэлікатэсы. А таксама славутых людзей, што падарожнічалі Літоўскім Гасцінцам і іх кулінарныя прыхільнасці. Напрыклад, Пілсудскі пэўны час жыў у маёнтку Мілюсін каля Сулеюўка, і побач адкрылася рэстарацыя «Дзядэк», дзе можна даведацца пра гастранамічеыя густы Маршалка. А з вёскі Вялёндкі ў гміне Карытніца паходзіць род славутага аўтара «Кухара Дасканалага», апетага ў «Пане Тадэвушы», Войцэха Вялёндкі. Будзем спадзявацца, што некалі такія шляхі з’явяцца і ў нас. Бо той жа Вялікі Гасцінец Літоўскі варта працягнуць праз Горадню да Вільні.
Менавіта з Горадні трэба было б пачаць адраджаць рэгіянальныя кулінарныя традыцыі. З самага гістарычнага з нашых гарадоў, з ягонымі каралеўскімі замкамі, традыцыямі сеймаў Рэчы Паспалітай, Тызенгаўзаўскіх рэформаў (са славутымі корчмамі «Галеча» і «Раскоша», у тым ліку), Жыліберам з ягоным батанічным садам і «Флорай Літвы» і безліччу іншых, унікальных для Беларусі гістарычных прэцэдэнтаў. Што мы можам пакаштаваць у Горадні такога, што дапамагала б лепш уявіць сабе слаўнае літвінскае мінулае гораду над Нёмнам? Ды не тое што пакаштаваць, але і прачытаць няма чаго! Што елі ў каралеўскім горадзе над Нёмнам у часы ВКЛ, дакументальна вядома пакуль кепска. А вось дэлікатэсы міжваеннага часу пакінулі больш слядоў у памяці, і аўтары выдадзенай нядаўна «Чырвонай кнігі Гродна» рупліва іх сабралі.
Напрыклад, у сучасным Доме Шлюбаў на рагу Віленскай, Ажэшкі і Савецкай да вайны месцілася лепшая