Літвінская кухня. Кухмістр ВерашчакаЧитать онлайн книгу.
ды ялавічнай пячонкай
Качка (каля 1)
1 ½ лыжкі лімоннага соку
Соль, перац
1 лыжка крышанага маярану (або мацярдушкі)
4–5 зубкоў часнаку
500 г ялавічнай пячонкі
450 г свінога фаршу
120 г сала
3 яйкі
Качку старанна вымыць, разрэзаць, асцярожна вынуць косці, не шкодзячы скуры, выразаць тлушч і частку мяса. Скуру з пазасталым мясам нацерці соллю, перцам, лімонным сокам, загарнуць у фальгу, пакінуць на гадзіну.
Пячонку адварыць да паўгатоўнасці і нарэзаць кубікамі, яйкі зварыць і пакрышыць. Сала, тлушч і выразанае мяса качкі прапусціць праз мясарубку, дадаць расцёрты з соллю часнок і маяран. Адбіць скуру качкі з мясам, скласці на яе пластамі пячонку, сала з тлушчам і часнаком, свіны фарш, яйкі, пасыпаць соллю і перцам. Згарнуць рулет, загарнуць у поліэтыленавую плёнку, перавязаць матузком і варыць да гатоўнасці. Ахаладзіць пад прэсам. Падаваць парэзаным на скрылькі з гарнірам з садавіны.
Дранікі падгарадзенскія
(рэцэпт Яніны Цеханюк, Брындзішкі, Гарадзенскі павет)
10 вялікіх бульбін
1 шклянка густой кіслай смятаны
2 яйкі
Соль, перац паводле смаку
Сала або алей для смажання
Бульбу аблупіць, вымыць, пацерці на тарцы. Перакласці таркаваную масу на сіта, выкладзенае марляй, даць сцячы ў падстаўлены посуд. Смятану змяшаць з 2 жаўткамі, дадаць да асушанай таркаванай масы, дадаць ападак, які ўтварыўся ў посудзе з вадкасцю, дадаць шчыпотку перца, добра перамяшаць. Збіць бялкі ў шчыльную пену, дадаць у цеста, пасаліць. Сухую патэльню з тоўстым дном моцна разагрэць на агні, дно пашмараваць кавалкам сала, уліць цеста, каб пакрыла ўсю паверхнасць патэльні, таўшчынёй крыху большай за наліснікі, смажыць з абедзвюх бакоў да залацістага колеру. Гатовыя блінцы складаць на талерку і трымаць у цяпле, пакуль не засмажацца ўсе. Падаваць на паўміску, складзеныя ў вялікую «піраміду», з «памочкай» або проста з кіслай, крыху падсоленай смятанай. Традыцыйна, пры ядзенні не карыстаюцца нажом.
Гарадзенскі селядзец у вінным соусе
5 штук філе селядца
5 штук цыбулі
1 шклянка чырвонага сухога віна
1 лыжка сумесі молатых прыпраў
Асобныя прыправы:
імбір
2 гваздзікі
5 штук чорнага перца
2 штукі духмянага перца
4 штукі ялоўца
2 штукі ліста лаўровага
200 г цукру
1 шклянка воцату
Прыправы патрушчыць, заліць воцатам і віном, дадаць сумесь молатых прыпраў. І гатаваць на малым агню. Дадаць цукар і мяшаць, пакуль ён не распусціцца. Нарэзаць кольцамі цыбулю, дадаць да марынаду і гатаваць на малым агню 5 хв. Дадаць імбір і астудзіць. Селядзец парэзаць на кавалкі і пакласці ў вялікі слоік, заліць марынадам і паставіць на 2–3 дні ў лядоўню.
Капуста, квашаная