Радзіва «Прудок». Андрусь ГорватЧитать онлайн книгу.
– 773 200 рублёў!
Гэта сапраўднае багацце, бо кожны рубель зароблены мазалямі і сваркамі з прэзідэнцкімі дворнічыхамі.
Пасля працы звычайна заходжу ў букіністычны аддзел «Белкнігі», палюю на «Караля Стаха». Сёння таго «Стаха» ізноў не было, затое патрымаў у руках часопіс «Вясёлка» за 1990 год.
Уявіце, у 1990 годзе наклад «Вясёлкі» быў 180 000 асобнікаў. 180 000 асобнікаў часопіса для дзяцей на беларускай мове! Як усё змянілася ўсяго за дваццаць тры гады!
Я памятаю іншы часопіс – студзеньскі нумар «Вожыка» за 1988 год. Мне тады толькі споўнілася пяць гадоў. На вуліцы вельмі сцюдзёна, мама хварэе. Я на падлозе гартаю часопіс. Ведаю ўсе літары, але чытаць не ўмею: не магу зразумець прынцып чытання. І раптам бачу два словы:
«каляндар вожыка». Не літары, а словы цалкам!
Гэта першыя два словы, якія я прачытаў сам!
А сёння амаль пяць гадоў маёй дачцэ.
– Тата, дзе мой асёл?
– Які асёл?
– Ну асёл. Такая фея.
– Фея-асёл?
– Ага. Дзе мая фея-асёл? Паказваю асла: «Іа-іа».
– Такі асёл?
– Не, не такі.
Варвара адводзіць рукі за спіну і лётае па пакоі.
– Вось які.
Гляджу і чашу патыліцу. Ага – анёл!
Сёння быў вельмі прыемны вечар: галерэя «Ў», кнігарня «Логвінаў», прэзентацыя пятага нумара часопіса «Макулатура», дзе адзінае, што я пабачыў, – правае вуха Марціновіча, бо людзей, ахвотных чытаць беларускую прозу, было занадта многа, каб пабачыць два Марціновічавы вухі.
Потым шпацыраваў па Мінску і глядзеў, як у цемры цалуюцца неадзінокія людзі.
Цікава, а ў маім узросце яшчэ рэальна закахацца, ці гэта ўсё – фініта ля камедыя? Хто-небудзь ведае дакладна?
Мой калега Пятро вучыў мяне спакушаць жанчын. Усё проста – запісвайце: трэба пры сустрэчы здымаць капялюш.
– У вас, мабыць, увесь тэатр – палюбоўніцы? – цікаўлюся.
– А то! Калі нада ксеракопію зрабіць, ніхто не адмаўляе. Мне не цяжка зняць шляпу, а жанчыне прыемна. Разумееш?
Разумею, разумею. Трэба спешна набыць капялюш, бо здымаць капюшон пры сустрэчы з жанчынай у дворнікавай справе, як высветлілася, лічыцца mauvais ton.
Даўней Пятро вучыў мяне, дзе солі сыпаць паболей, калі галалёд:
– Не шкадуй, бо будзе скакаць козачка – яна ж не разумее, што можна пакаўзнуцца і ўпасці. Сып, не шкадуй. Хай смела скача.
Козачкі на абцасіках, асцярожней там, за межамі Купалаўскага тэатра. Мы з Пятром яшчэ пільнуем вашыя жыцці, але нашых паўнамоцтваў мала, каб вы скакалі па ўсім горадзе.
Сёння, пакуль я прыбіраў, з боку Адміністрацыі прэзідэнта да мяне падышла цётачка і сказала:
– Я за вами давно наблюдаю.
Опанькі, падумаў я, прыехалі. А я Вольскага ў навушніках слухаю. Чамусьці найперш падумаў, што справа ў гэтым. Зараз мяне арыштуюць і застрэляць.
– Вы не хотели бы работать ТАМ?
Я ўсё жыццё буду ганарыцца, што адмовіўся працаваць у Адміністрацыі прэзідэнта на карысць тэатра імя Янкі Купалы.
2014 год
Студзень
Мне