Пярэваратні ў пагонах і без. Сяргей ПляскачЧитать онлайн книгу.
ніводнага знаёмага аблічча сярод студэнтаў яна не заўважыла!
Проста цуд! Нарэшце яна – самая звычайная! Нікому да яе няма аніякай справы!..
Заняткі былі такія ж, як і ў школе: паралельна са спецыяльнасцю студэнты мусілі атрымаць і атэстат аб сярэдняй адукацыі.
Але Ірку займалі зусім іншыя думкі, таму яе прысутнасць і на экскурсіі па ліцэі для першакурснікаў, і на ўроках насіла выключна намінальны характар. Увесь гэты час яна бясконца пракручвала ў галаве, як бы даведацца, дзе можна абмяняць амерыканскія грошы на беларускія і набыць што-небудзь з лепшага адзення…
Пасля вяртання ў інтэрнат высветлілася, што самая прыгожая ды нахабная дзяўчына з групы пчаляроў, якая ўвесь першы дзень вучобы пра нешта спрачалася з выкладчыкамі ды, не асабліва хаваючыся, курыла за вуглом з хлопцамі на перапынку, – трэцяя суседка Іркі па пакоі.
– Ну, што, лахушкі калгасныя, таксама на салодзенькае пацягнула? – звярнулася ад парога нахабніца да Іркі, Монікі ды Аліны.
– А ты што, не калгасная? – першай апрытомнела Моніка.
– Я не лахушка!..
– Мы таксама!
– Ды не пераймайцеся вы так, жартую! Давайце знаёміцца! Я Хрысціна Рудак, можна проста Рудая!..
Прозвішча ды мянушка Хрысціны надзіва адпавядалі знешнасці: невысокая, каржакаватая, з вогненна-рыжымі, бы пафарбаванымі, густымі валасамі, чорнымі, як вугаль, пранізлівымі вачыма… Было б іншае прозвішча, відаць, звалі б проста Рыжай… А мо Іржавай? У любым выпадку мянушка ёй пасавала і падабалася, і хто ведае, ці не сама яна сабе яе і прыдумала?
Праз хвіліну Рудая здолела з віртуознасцю першакласнага шулера перасяліць Аліну ад другога месца ля вакна (першае заняла Ірка) на ложак ля ўваходу, развесіць вопратку ў шафе і распавесці суседкам, што яна прыехала сюды з-пад Оршы, з Бабінічаў, са славутай на ўсю краіну птушкафабрыкі.
– Чулі? – удакладніла Хрысціна.
– Дык чаму ты не пайшла на птушкафабрыку? – замест адказу паспрабавала высветліць Моніка. – Усе ж мараць там працаваць. Я чула, у птушкагадоўлі і заробкі добрыя.
– Мяне там занадта добра ведаюць! Можна сказаць, я мясцовая знакамітасць!
І Рудая распавяла новым знаёмым, як на працягу некалькіх гадоў з двума сябрамі яны лазілі на фабрыку і кралі курэй.
– Я ўжо на гэтыя шашлыкі з кураціны глядзець не магла!..
Аднойчы, калі яны прадавалі скрадзенае мяса, іх злавілі. Усіх трох паставілі на ўлік, выклікалі на камісію па справах непаўналетніх і ўлупілі бацькам вялізныя штрафы!
– Карацей, усе мае ашчаджэнні пайшлі на штраф: нас з сястрой адна маці гадуе, грошай у яе няма, пашкадавала… Малую, вядома ж, не матку: з ёю мы ў контрах!
Бацька Рудай, па яе словах, цягне ўжо трэцюю ходку. Сястра вучыцца ў сёмым класе, маці працуе прыбіральшчыцай у дзіцячым садку і… бухае.
– Каб я не сплаціла той штраф, маглі б малую забраць у прытулак, а мяне ў Магілёў, у калонію для непаўналетніх адправіць, хоць мянты і не даказалі, што мы скралі мяса, – аўтарытэтна зазначыла Хрысціна