Дагератып. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
прамовіў Калоцкі павольна, як ступаюць на тонкі лёд. – Вы не адмовіце нам, інакш… – Уздыхнуў, перазірнуўся с сябрам, наважваючыся, і сказаў, як з адхону скокнуў: – Інакш, прабачце, але паліцыя даведаецца, што вырабляецца ў лабараторыі гэтага атэлье і якія насамрэч выконваюць заказы вядомыя тэрарысты Ян Ранарыч і Багуслава Кленчыц.
Кацяняты на здымках ледзь не пахаваліся за пасярэбраныя рамачкі, таму што мізансцэна змянілася так хутка, быццам павярнуўся чароўны ліхтар. Багуслава стаяла за спінай археолага, трымаючы пад ягоным падбародзем вострае лязо стылету, а на шчуплага этнографа пазірала руля пісталету, які нібыта сам па сабе ўзнік у руцэ пана Вараксы. Студэнты, вядома, збялелі і спацелі, але не зварухнуліся.
– Гэта вам не дапаможа, – з ледзь заўважнай дрыготкай у голасе прамовіў Калоцкі. – Вы ж павінны разумець – мы не прыйшлі б з такой заявай да вас, не паклапаціўшыся пра сваю бяспеку.
– Ай-яй-яй, – дакорліва прамовіў Ніхель, ветласць якога цяпер, у спалучэнні з пісталетам, магла настрашыць. – Студэнты, вучоныя, прагрэсіўныя людзі – і даносчыкі, працуюць на паліцыю. Што скажуць у вашым асяродку, калі даведаюцца, што вы выкрылі рэвалюцыянераў, барацьбітоў з самадзяржаўем?
Госці апусцілі вочы, прызнаючы слушнасць заўвагі: слава агента паліцыі – не тое, чым можна ганарыцца ў ліберальна-інтэлігенцкіх колах, дастанецца такому лаяльнаму гарохавы вянок.
– Ну дык і не варта даводзіць да скрайнасцяў! – загаварыў Калоцкі, якому было страшэнна нязручна стаяць, задраўшы падбароддзе, а да шыі датыкаецца сталёвае джала – рука Багуты ніколі ў такіх выпадках не дрыжэла. – Падумайце, пан Ніхель! Навошта ўсё ўскладняць? Тры гадзіны на дарогу туды, столькі ж назад, дзень пафатаграфаваць – і ў разліку! Мы з Давыдам дамо слова гонару, што нікому пра вас не раскажам. З’едзем у Піцер – і зоймемся кожны сваёй справай.
Багуце надакучыла камедыя:
– А хто нам перашкодзіць забіць вас па дарозе ў тыя Жухавічы і знікнуць?
Пульхныя вусны магістранта-археолага ўздрыгнулі.
– Не думаю, што для вас ёсць сэнс з’язджаць да Калядаў, да таго, як адкрыюць дрэваапрацоўчы завод!
Багуслава прыціснула лязо шчыльней да шыі нахабы.
– Гэта ты пра што, мярзотнік?
Адказаў этнограф, якому нішто не ціснула на шыю, але голас гучаў здушана:
– Ну як жа, усе ведаюць, што на адкрыццё заводу прыедзе хтось з царскай сям’і, збярэцца ўсе начальства, арыстакратыя… Мы вырашылі, што вы невыпадкова атабарыліся ў гэтым мястэчку. Так што – дапамажыце нам, папрацуйце на навуку, і не прыдзецца ламаць уласныя планы.
Масевіч па-дзіцячы хлюпнуў носам і тут жа ганарыста задраў падбароддзе, пакрытае светлым пушком, каб не выглядала, што ён баіцца.
– Вы не адказалі на галоўнае пытанне – адкуль вы пра нас даведаліся?
Голасам Ніхеля можна было расколваць лёд. Археолаг зглытнуў, мімаволі касавурачыся вачыма за спіну, на магчымую сваю светлавокую смерць, і прахрыпеў:
– Выпадак.