Шоўк (зборнік). Мікола АдамЧитать онлайн книгу.
здаваліся малюскамі, што вельмі павольна праплывалі праз ілюмінатар майго падводнага карабля. Апошняе, што я памятаў перад падзеннем, – моцны боль у патыліцы – вынік удару аб цэментаваную падлогу метро. Самае цікавае, што падаў я і ў першы, і ў другі раз на спіну, хоць цела хілілася ўперад.
Нейкія жанчыны і хлопцы, у якіх яшчэ засталася ў душы міласэрнасць, дапамаглі мне ачомацца, але ўсё адно стаяць, а тым больш ісці, я не мог. Двое маладых міліцыянтаў вельмі здзівіліся, што я цвярозы, а адна з жанчын, якая дапамагала мяне падымаць, аказалася ўрачом унутраных войск і паставіла першы дыягназ, пасля выклікала «хуткую»… Мне параілі не карыстацца метро з маёй траўмай, таму што пад зямлёй павышаецца ціск.
– Вам правільна параілі, – хітнуў, згаджаючыся, урач старэйшы.
– Я разумею, метро, – прамовіў я тады, – а прычым мая кватэра, ці мне і кватэрай перастаць карыстацца?
– Ну, навошта вы так? – усміхнуўся той самы ўрач. – Калі сур’ёзна, то часцей адчыняйце форткі. Прыступ паўтарыўся з-за цяжкага паветра, якім вы дыхаеце, атручанага да таго ж нікацінам.
– Мне кінуць курыць?
– Па-мойму, вас павінны былі папярэдзіць наконт цыгарэт і спіртнога яшчэ тады, калі выпісвалі з бальніцы пасля апрацоўкі раны… Тое, што вы працягваеце сваё, не прыслухоўваючыся да слушнай парады медыкаў, сведчыць не ў вашую карысць. Хто вы па прафесіі?
– Я пішу… ну… ведаеце…
– Што ж, – урач зморшчыў лоб, як бы задумаўшыся, – тады ўсё зразумела.
– Зразумела што? Гэта сказаў не я.
Трымаючы ў адной руцэ поліэтыленавы пакет з выявай бел-чырвонага пачка цыгарэт «Бонд», нечым напакаваны, у другой – зняты з пляча скураны рукзак, Насця ў расхрыстанай куртцы, у маёй фланэлевай сіняй у квадраты кашулі, з-пад якой вытыркаліся сопкі грудак без станіка, насцярожана пазірала ў вочы абодвух урачоў, якія разгублена пераміргваліся.
– Што зразумела? – паўтарыла Насця. Яна паставіла рэчы ля сценкі і прайшла ў пакой, села на другую канапу, не раскладзеную. Гузік на кашулі зверху расшпіліўся, агаліўшы белы выгін Насцінай шыйкі, акупаваны раскіданымі ветрам валасамі.
– Прабачце, а вы… – урач старэйшы прыўзняўся з фатэля.
– Гэта не мае значэння, – апярэдзіла яго Насця. – Растлумачце мне, што здарылася і чым усё можа скончыцца. Проста так, як я разумею, «хуткая дапамога» не ўламваецца ў кватэры.
– Вы ведалі пра хваробу вашага… вашага… – урач замуляў губамі і заёрзаў у фатэлі, нібы сядзеў на агні, не ведаючы, як мяне абазваць.
– …мужа. Задаволены? – выпаліла Насця.
– Гм, – варухнуліся бровы ўрача, і ёрзаць ён перастаў, – амаль задаволены. Дык вы ведалі пра хваробу вашага мужа? Пра траўму, атрыманую, відаць, некалькі год таму?
– Мы пазнаёміліся пазней.
– А сам ён вам нічога не распавядаў?
– Дарагі доктар, – прамовіў я, – пра маю траўму не ведаюць нават бацькі…
– Вельмі дрэнна ў такім разе, – адзначыў урач. – Вы дазволіце, – спытаў