Шоўк (зборнік). Мікола АдамЧитать онлайн книгу.
усю існасць жанчыны, якая памірала ад адзіноты, – за іншымі, якім таксама можа прыйсці ў галаву выйсці танцаваць.
– Вы ўпэўнены? – нерашуча вагалася яшчэ Святлана, але шалёна жадала, каб гэты хлопчык настаяў на сваім.
– Абсалютна, – малады чалавек не расчараваў яе.
– А мяне тут усе ведаюць, – працягвала пярэчыць Святлана, супраціўляючыся, хутчэй, самой сабе, бо не чакала, што здольная, хоць у глыбіні душы была ўпэўнена, напляваць на прыстойнасць і гадамі выпрацаванае становішча ў грамадстве. – А вас не ведаю я.
– Вось і пазнаёмімся, – не сыходзіў малады чалавек.
– Вы так думаеце? Вам гэта трэба?
– Светка, ты чаго? – ушчыкнула яе Наташка. – Потым жа шкадаваць будзеш! А лепш пашкадаваць пра зробленае, чым пра не зробленае. Ты глядзі, які хлопчык!..
– Праўда твая, менавіта хлопчык! – адказала Святлана сяброўцы. – Ён аднагодак майго сына!..
– Ну і што!
– Як ну і што?
– Урэшце, гэта проста танец!
– Ну так, ты маеш рацыю.
З веліччу каралевы Святлана ўклала ў руку маладога чалавека сваю далонь і выйшла з-за стала. Ён тут жа прыцягнуў яе да сябе, упэўнена паклаў адну руку на стан, другою гэтак жа ўпэўнена кіраваў целам Святланы і танцам.
Яны не размаўлялі. Уважліва глядзелі адно аднаму ў вочы. У яго яны былі зялёныя, напоўненыя глыбінёй лесу, у якім лёгка заблукаць, і з нейкай самоцінкай, якая сведчыла пра штосьці вельмі моцна перажытае. Высокі лоб, рымскі нос, ледзь прыкметны шнар на брыве, ярка акрэсленыя выразныя губы, ямачка на падбародку, зачасаныя назад чорныя валасы сярэдняй даўжыні дапаўнялі партрэт. Моцныя рукі, без ніякіх дрыжыкаў ад хвалявання, хоць заўважна, што хваляваўся. Яго дыханне п’яніла, позірк засмоктваў у сябе. Святлана адчувала галавакружэнне, але не адводзіла вачэй ад яго.
Музыка спынілася.
Святлана быццам адарвалася ад чагосьці надзейнага і дужага, павісла на адной руцэ над прорвай, ледзь утрымліваючыся слізгаючымі пальцамі па вяроўцы, і разгублена аглядалася. Прысутныя ў рэстаране, усе як адзін, дружна апладзіравалі ёй, як акторцы ў тэатры. Заўтра пра гэты танец будзе ведаць увесь горад. Злавіўшы гэтую думку і ўчапіўшыся за яе, як за выратавальны круг у моры, Святлана імкліва вярнулася за столік, не дазволіўшы маладому чалавеку праводзіць яе. Ён таксама вярнуўся да сваіх.
Яна папрасіла наліць ёй выпіць і залпам асушыла чарку гарэлкі, затым падзялілася асцярогамі з сяброўкай.
– Што ты за глупства гародзіш, – супакоіла яе Наташка. – Ну і хай ведаюць. Няхай зайздросцяць, што ў тваім узросце яшчэ можна ох як падабацца! Прабач, канешне.
– Ты думаеш, ён яшчэ падыдзе да мяне? – спыталася Святлана.
– Што я чую?! – шчыра здзівілася Наташка. – Ты ж ісці не хацела! – нагадала, але, убачыўшы, як нахмурылася сяброўка, паспяшалася падсаладзіць пілюлю. – Зразумела, падыдзе. Нездарма ж з усіх абраў цябе!
– Вось гэта і дзіўна, – задумалася Святлана. – Гэтулькі маладзенькіх вакол, а ён мяне запрасіў…
– Нічога