Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін АкудовічЧитать онлайн книгу.
з сябе дзеля сябе, а адсоўвае яго ў чын таўталагічнага элементу ўніверсальнай праявы быцця. (Гэта нават калі не зважаць на тое, што сваім паходжаннем манады абавязаныя ўсё таму ж Богу. Ён, як сейбіт зерне, жменяй раскінуў манады па ўсім Сусвеце, і з таго часу яны, не стамляючыся, прарастаюць каліўцамі існага.)
Пры ўсёй сваёй гранічнай апрычонасці, манада – толькі энергія, вітальная сіла, якая на пэўны час арганізуе тую ці іншую форму рэальнасці. Як толькі форма зношваецца, трухнее і рассыпаецца ў парахню, манада ўмомант стварае сабе што-небудзь яшчэ. А таму ніяк нельга сказаць, што ёсць манада – «Готфрыд Лейбніц». Ёсць манада, якая была нейкі час «Готфрыдам Лейбніцам» (ці ён быў ёй?), але з гэтага зусім не вынікае, што было нешта яшчэ акрамя таго, што пазначалася гэтымі двума словамі, біяграфіяй у колькі там падзеяў і экзістэнцыяй, даўно апалай у нікуды.
Дарэчы, Лейбніц лічыў метэмпсіхоз «схаластычным забабонам». Згодна ягоным сцверджанням, ніякае перасяленне душы немагчымае, бо душа не можа аддзяліцца ад цела… І хаця шмат хто не менш аўтарытэтны за Лейбніца меркаваў зусім наадварот, мы не станем нават зазіраць у бясконцы прасцяг тэалагічных і проста інтэлектуальных спекуляцый з нагоды душы, духа і да таго падобнага, бо з «душой» ці без «душы» я-чалавек:
– не ёсць прычынай самога сябе;
– не сам з сябе паходзіць;
– не з’яўляецца ўласнікам самога сябе. Асабіста мне гэтага дастаткова, каб запэўніцца, што я-чалавека не было і няма. Натуральна, калі хацець ад я-чалавека нечага большага за тое, што ён ёсць.
Калі тэкст быцця напісаны і прачытаны
Мера таясамасці я-чалавека посттэкставай эры (на пярэднім акрайчыку якой мы знаходзімся) з тэхнагеннымі комплексамі быцця перасягае ўсе межы значэння я-чалавека, з чаго я-чалавек апынаецца ў сітуацыі, якая пакідае яму адно месца прысутнасці пры быцці. Я-чалавек ужо не прытулак фізічных стыхіяў быцця, а нешта ўвогуле пабочнае быццю, нешта, што толькі туліцца да цела звышскладанага камбайна сусветнай цывілізацыі, які аднолькава інтэнсіўна ахоплівае сваёй дзейнасцю і кванты, і галактыкі, але пакідае незапатрабаваным я-чалавека. І хаця гэты камбайн пакуль не можа абыйсціся без чалавека як калектыўнага цэлага, але кожны я-чалавек паасобку ўжо не мае для яго аніякага істотнага значэння. Камбайн сам забяспечвае сябе сабой і нагэтулькі эфектыўна, што ў яго даволі магчымасцяў, каб за свой кошт яшчэ ўтрымліваць я-чалавека як дарэшты спрацаваную форму быцця існага – так грамадства ўтрымлівае ў багадзельні спрацаванага перастарка (хаця, магчыма, тут болей пасавала б параўнанне не з багадзельняй, а з рэзервацыяй для амерыканскіх індзейцаў).
Натуральна, што і ў Віртуальную эру біялагічны лёс я-чалавека застаецца тым самым, як і ва ўсе астатнія часы (нарадзіўся, апладніўся ды знік у невараці), але сітуацыя адбывання тэрміну быцця выглядае інакш, чым раней. Яна нечым нагадвае тую, што была ў эру Татэму – гэта значыць, сітуацыя чалавека без чалавека.
Я-чалавек