Сланы Ганібала (зборнік). Уладзімір АрлоўЧитать онлайн книгу.
на свае паседжаньні сябры беларускага культурнага таварыства ў Рызе «Сьвітанак», няхай купляе на рынку коціка-скарбонку ды пачне зьбіраць валюту хоць на Целешаву кнігу гасьцей. Ужо сёньня гэты фаліянт у брунатным пераплёце дасьць фору шмат якім зборам твораў. Ня буду стамляць імёнамі наведнікаў – народных і заслужаных (афіцыйна і не), вядомых і невядомых (накшталт аўтаркі сьціплага запісу «Вячку я считаю мужчиной»), жывых і адляцелых у вечны вырай, дзе іх таксама, відаць, грэе ўспамін пра рыскае гарышча.
Адных вершаў тут хопіць на самавіты зборнік – ад просьценькіх спробаў зарыфмаваць «Целеш» – «келіх» да выведзеных цьвёрдай рукою Караткевіча амаль клясычных радкоў:
З майстэрні мілай пана Вячкі
Паўзьлі мы ледзь не на карачках.
I дух наш ледзь трымаўся ў целе,
Калі дамоў пусьціў нас Целеш.
Настальгію па былых часінах, калі пісьменьнік Яўген Лецка яшчэ не ўзначальваў беларусаў усяго сьвету дый усе мы жылі лёгка і бесклапотна, абуджаюць радкі ахвярнага песьняра Целешавага Парнасу Сяргея Панізьніка:
Хто ні быў у майстра Вячкі!
I ліцьвінкі, і палячкі
Заключалі творчы пакт.
Вось вам ню, а вось вам акт…
Свой хацеў пакінуць ген
Лецка, той, які – Яўген…
О tempora, о mores!
Пакідаючы мяне нанач у майстэрні, гаспадар раіць не хадзіць на вечаровы шпацыр. Найлепей бавіць рэшту вечара зь ягонай, магчыма, найбагацейшаю ў сьвеце калекцыяй беларускіх паштовых картак. У тым разе, калі я засумую над паштоўкамі, маю адзіноту можа разьвеяць чэрап на паліцы. Перахапіўшы мой позірк, Вячка кажа, што некаторыя з начлежнікаў і нават (што ўжо зусім недаравальна) зь дзеячаў нацыянальнага адраджэньня прыкрывалі чэрап газэцінай, хоць ён, Вячка, і папярэджваў, што гэты знойдзены археолягамі чэрап насіла на прыгожай шыйцы простая беларуская жанчына-працаўніца з-пад Ваўкавыску.
Карацей кажучы, чым бадзяцца па сталічных вулках, лепей пасядзець з чэрапам беларускай жанчыны. Днямі каля манумэнту Свабоды абрабавалі самога амэрыканскага пасла, які, мабыць, вырашыў сустрэцца з латыскім народам.
Я, дзякаваць Богу, не пасол, шмат у мяне не нарабуеш, а таму я заходжу ў густа сьпісаны кірыліцаю ліфт і празь дзесяць хвілінаў у чаканьні магчымых экспрапрыяцыяў набліжаюся да статуі Свабоды. Мяне займае адзін істотны аспэкт нацыянальнага пытаньня. А менавіта: ці лягчэй разьвітвацца з грашыма, калі злодзеі гавораць з табой на тваёй мове?
Рабаўнікоў на прыцемных цэнтральных вуліцах з выключанай рэклямаю пакуль не відаць, як, зрэшты, амаль не відаць і верагодных ахвяраў. Мабыць, і адныя, і другія яшчэ сядзяць ва ўтульных рыскіх кавярнях. Пералічыўшы свае цэлыя рублісы, я вырашаю таксама неадкладна заняць месца за столікам. Мяне чакае жорсткае расчараваньне. Кавярняў процьма, але ўсе яны, за выключэньнем пары валютных, ужо зачыненыя, хоць на гадзіньніку яшчэ бяз чвэрці восем. Напэўна, скончылася кава, а магчыма – наведнікі. Грэючы душу астатняй