Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір АрлоўЧитать онлайн книгу.
вады, і паломніца, падняўшыся з ложа, напілася і акрапіла сябе ёю, а потым зноў легла, просячы Госпада хутчэй узяць яе душу.
«Жыціе» апавядае, што Еўфрасінні быў пасланы анёл, які паведаміў што малітвы пачутыя і на небе ўжо чакаюць сустрэчы з ёю. На дваццаць чацвёрты дзень хваробы яна пачула блізкі скон, паклікала святара і, паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце, аддала сваю душу Усявышняму.
Зямное жыццё асветніцы завяршылася.
«Давыд же и Евпраксия и с прочими спряташа тело ея честно». Пахаваўшы Еўфрасінню ў Феадосіевым манастыры святой Багародзіцы ў Ерусаліме, паломнікі павезлі журботную вестку ў Полацк.
Ёсць пэўныя падставы меркаваць, што якраз Еўпраксія-Звеніслава магла быць аўтаркаю «Жыція» або мець да яго стварэння непасрэднае дачыненне. Па-першае, шмат якія эпізоды жыцця асветніцы ўбачаныя і пераказаныя надта ж пажаночы (напрыклад, плач князя Святаслава ці сустрэча Прадславы ў манастыры яе цёткаю-ігуменняй). Па-другое, найбольш падрабязная частка «Жыція» прысвечаная паломніцтву, у якім улюбёная сястра (памятаеце: «як адна душа ў двух целах») была спадарожніцаю святой.
Неўзабаве пасля смерці полацкай паломніцы Святой Зямлі пачалі пагражаць магаметане. У 1187 годзе, рыхтуючыся да прыступу Ерусаліма, султан Саладзін за выкуп дазволіў хрысціянам пакінуць горад разам са сваімі рэліквіямі. Як велізарны скарб усходнеславянскія манахі везлі з сабою раку (своеасаблівы куфар, дзе захоўваюцца святыя мошчы) з нятленнымі парэшткамі Еўфрасінні.
Калі верыць паданню, манахі меліся перанесці святыню адразу ў Полацк, але гэтаму перашкодзіла адвечная варажнеча кіеўскіх і полацкіх князёў Мошчы перадалі ў славуты Пячорскі манастыр, дзе ў падземным храме Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы рэліквіі давялося спачываць болып за сем стагоддзяў. На радзіме грымелі войны, занепадаў і зноў адраджаўся Спасаўскі манастыр, а тут панаваў вечны спакой. Вечка срэбнай ракі было адчыненае і прымацаванае да сцяны, парэшткі найпадобнейшай Еўфрасінні – закрытыя покрывам; у галавах вісеў абраз святой, і гарэла непагасная лампадка.
Першыя спробы перанесці мошчы заступніцы Беларусі ў родны горад адбыліся ў цараванне імператара Аляксандра II. Пра гэта хадайнічалі жыхары Полацка, а потым, у 1864 годзе, ад імя насельніцтва трынаццаці воласцяў Полацкага павета і, ведама ж, са сваімі мэтамі – душыцель нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастуся Каліноўскага граф Мураўёў-«вешальнік». Пасля трэцяга хадайніцтва полацкага епіскапа Савы ў 1871 годзе ў Спасаўскі манастыр была ўрачыста перанесеная малая частачка мошчаў – сярэдні палец правай рукі.
Наступныя просьбы Пецярбург нязменна адхіляў а пры Аляксандры III палачанам наогул забаранілі звяртацца з гэтай прычыны ў вышэйшыя інстанцыі. Духоўная і свецкая ўлады царскае Расіі былі супраць вяртання рэліквіі, бо ведалі, што, паводле векавой традыцыі, Еўфрасінню Полацкую шанавалі як сваю святую і прыхільнікі гвалтоўна скасаванай Уніі. Насмеліўся на аўгусцейшы дазвол толькі