Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір АрлоўЧитать онлайн книгу.
мошчаў святой Еўфрасінні царскія ўлады, сведчыць і ўдзел у хросным ходзе каралевы Грэцыі Вольгі Канстанцінаўны і вялікай княгіні Лізаветы Фёдараўны, роднай сястры царыцы.
23 траўня 1910 года, у дзень памяці святой,[5] яе нятленныя парэшткі вярнуліся ў Спасаўскі сабор. Іх чакала абкладзеная срэбрам кіпарысавая рака, зробленая ў візантыйскім стылі на ахвяраванні вернікаў. Рака каштавала велізарныя на той час грошы – 12 тысяч рублёў.
Звычайна мошчы святых выяўляюць цудадзейную сілу. Пра адно з дзівосаў расказаў 25 траўня 1910 года ў «Полоцком листке» старэйшы лекар кадэцкага корпуса доктар медыцыны А. Мансветаў.
У Спасаўскім манастыры жыла чарніца, якая хварэла на верад страўніка і праз цяжкія нутраныя крывацечы і крывавыя ваніты так знясілела, што ўжо амаль не падымалася з ложка. Доктар страціў усякую надзею выратаваць хворую: цела было ў пролежнях, а боль сунімалі наркотыкамі. Калі ў манастыр прыбылі мошчы, сёстры, выконваючы просьбу хворай, прывялі яе ў храм, дзе яна пацалавала святой Еўфрасінні руку. Пасля гэтага манашка адчула такі прыліў сілаў што здолела падняцца і ісці без чужой дапамогі. У чарговы візіт доктар Мансветаў сустрэў пацыентку на двары і не даў веры вачам: учарашняя хворая падбегла да яго з радаснаю ўсмешкаю на вуснах. Лекар прызнаецца, што ў гэтым выпадку сутыкнуўся са з’яваю, якая выходзіць за межы чалавечага разумення.
Манастырская хроніка тых часоў на жаль, не захавалася. Магчыма, Еўфрасіння працягвала чыніць дзівосы, але з няўмольнасцю навальнічнае хмары ўжо насоўвалася іншая эпоха.
Пасля 1917 года, калі пачалася бязлітасная вайна супроць рэлігіі, святыя мясціны і рэліквіі зазналі на сабе варварства і здзекі новае ўлады. Драма не абмінула і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.
Люты 1919-га. Народны камісарыят юстыцыі РСФСР, куды ў той час уваходзіла Віцебская губерня з Полацкам, выдае пастанову аб арганізаваным «выкрыцці» мошчаў цудатворцаў па ўсёй краіне.
У 1922 годзе ў Полацку адбылося злачыннае ўскрыццё дамавіны з мошчамі святой Еўфрасінні. (Першы раз іх зняважылі ў красавіку 1920-га ў Аўраміеўскім манастыры г. Растова Яраслаўскай губерні, у які святыню разам з крыжам Лазара Богшы і іншымі манастырскімі каштоўнасцямі эвакуявалі ў 1915-м у сувязі з набліжэннем фронту.) Уяўленне пра атмасферу, у якой гэта адбывалася, дае змешчаны ў канцы пратакола ўскрыцця зварот камісіі «атэістаў» да жыхароў Полацка: «Тов. крестьяне, крестьянки, рабочие и работницы, красноармейцы и рабочекрест. молодежь. Запомните духовенству их вековой обман. Научная экспертиза актом ликвидировала таковой, но монахини, попы и монахи, пользуясь невежеством и темнотой истеричных старух и ненормальных кликуш, будут и в дальнейшем через них сеять черное зло… Разоблачайте их темные дела. Гоните от себя подальше! Долой невежество, попов и монахинь! Да здравствует свет и разум человека». (Правапіс і стыль змагароў за «свет и разум» захаваныя.)
Пасля ўскрыцця мошчы адправілі на атэістычную выставу ў Маскву, адтуль –
5
Паводле новага стылю дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай святкуецца 5 чэрвеня.