Паўночны вецер для спелых пладоў (зборнік). Юры СтанкевічЧитать онлайн книгу.
электрычнае святло ў горадзе адключалі на некалькі гадзін. Эканомілі. Я ліхаманкава запальваў газніцу, забіваўся ў кут і перад сабой раскрываў чарговую кнігу. Прымушаў паглыбляцца ў тэкст, інакш навальвалася сапраўдная паніка. Страх цемры. Пачаўся ён з выпадку, якому і дагэтуль не магу даць тлумачэння. Неяк узімку, пад вечар, я выйшаў на панадворак, а калі захацеў вярнуцца ў хату, то выявілася, што дзверы знутры зачынены. Дома я быў адзін. З гадзіну-другую я хадзіў па снезе, вяртаўся, зноў спрабаваў адчыніць дзверы, але дарэмна.
Урэшце сусед выпадкова пабачыў мяне. Я ўжо замярзаў. Паклікалі мужчын, дзверы ўзламалі. Дом абшукалі. Ніхто не мог зразумець, як яны зачыніліся самастойна. Гэта было проста немагчыма. Замка не было, а быў звычайны масіўны гак, які сам не мог узняцца ў паветра і зачыніць хату. Мяркую цяпер, што гэта мог быць і слаба выяўлены палтэргейст. Дарэчы, вядомыя і ціхія яго формы.
Але з той пары ў цемры мяне апаноўваў страх. Газніца мігала, па сценах варушыліся цені, а на стале ляжала чарговая раскрытая кніга, гарталіся старонкі, гвалтам праглынаўся тэкст.
З заплечнікам я наведваў бібліятэку і набіраў кніг. З часам я пачаў адрозніваць сапраўдную літаратуру ад літтрэшу. Я сталеў. Паступова мая фобія (боязь цемнаты) знікла, але звычка чытаць засталася».
Мінула некалькі дзён.
Пасля чарговых лекцый студэнт Ігнат Мазур вырашыў паехаць у інтэрнат да Ані Балтас. З сабой захапіў падручнік па палітэканоміі. У яго з’явілася прывідная надзея паўтарыць «гістматаўскі» метад: Аня будзе яму чытаць уголас адказы на білеты, а ён запамінаць.
Але ўсё нечакана памянялася. У Аляксандраўскім скверы, праз які праходзіў, ён убачыў аднакурснікаў Іосіфа Зялёнку і Ваню Гужына, якія сядзелі на лаўцы і толькі якраз адкаркавалі па бутэльцы чырвонага сухога віна.
– О, Ігнат, – сказаў Іосіф Зялёнка, – давай далучайся. – У сумцы што ў цябе? А мы тут, на лаўцы, з правадыром «косці кінулі».
– Кінь плявузгаць, які я правадыр, – сказаў, але з нейкай задаволенай усмешкай Ваня Гужын.
– Ну як, які? Па-першае, ты – камсамольскі важак, а, па-другое, з’язджаў бы ты ў Афрыку. У якую Анголу, прыкладам. Там усе ў трусах ходзяць, а большасць і без іх. Ну, і ты б зняў. Тут бы яны ўсе і прызналі цябе правадыром. Далажы, колькі ты крываротых камсамолак сапсаваў, га? Але ж ты ніколі таго не афішуеш, за што ў баб у аўтарытэце.
– А з тваім языком – у клуб вясёлых і знаходлівых. Схадзі да Епіфанава, запішыся.
– Дык што, Ігнат? Складзем кампанію? А то з правадыром сумна. А ты пацан дасціпны, разумны. Што ў цябе ў сумцы?
– Ёсць пляшка сухога. Але я іду ў госці, – сказаў праўду Ігнат Мазур.
Жвавы і рухавы як іртуць Іосіф Зялёнка прапанаваў:
– Сядай і з намі. У госці па вечарах ходзяць. Ты, што, Віні Пух? У нас віна багата. Учора на радыё ганарар атрымалі. Мне за дзве інфармашкі, а яму, – кіўнуў на Гужына, – за інтэрв’ю. Пяць пухіроў віна і на закусь хапіла.
– Умееце жыць. А мне вось пісаць часу з-за іспытаў не хапае. Што на практыцы зарабіў, дык даўно сплыло. Урэшце, згода, перакулю шклянку.
– Прыкрыемся