Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік). Віктар КазькоЧитать онлайн книгу.
водмаладдзю, тым самым, што прыйшоў у жыццё ўжо з небыцця гэтаю вясной, сталі табарам, аб’ядналіся тры машыны: «Волга», «Лада», «Запарожац». Як кажуць, нефармальны інтэрнацыянал. Але нефармальнасць нефармальнасцю, а форму выканалі. «Волзе» аддалі самае лепшае месца, у зацішку і ўкрыцці галін дрэва, на той выпадак, калі надарыцца дожджык – не дастане. А ўсё астатняе было па сцэнарыі, пісаным жыццём. Інтэрнацыянальна згуртаваўшы рады, урэзалі вінца, гарэлачкі і каньяку, таго, «Белага аіста», піўка таксама. У дваццаць чатыры нуль-нуль, у час Быка, адсалютавалі. На світанні прачнуліся, абмундзіраваліся, каб па суху і па вадзе. Узброіліся і пайшлі, ужо, лічы, па вайне і на вайну, у блакаду стрэльбавай пальбы. Для іх гэта блакада і вайна аказалася бяскроўнай. У прыродзе ўсё, што можна толькі забіць і згвалціць, было ўжо забіта і абрабавана. Нікога не бачылі, нікога не чулі, ніякай шкоды нікому не зрабілі, але боепрыпасы выкарысталі. Стомленыя, але задаволеныя, крыху безупыннай кананадай прыглушаныя, вярнуліся ў свой табар. I тут, во жах, дзяржаўная «Волга», з такім клопатам прытуленая ў зацішку, аказалася ў тым самым, у гаўне. Дожджык яе мо б і не дасягнуў, а буслы дасталі, здолелі. I ніякай пачцівасці і павагі, густа, шчодра і рознакалярова: верх, багажнік, дзверцы, шкло. Так шчодра і густа, што няйнакш як з перапуду.
– Гэта колькі ж іх тут шчыравала, – амаль добразычліва здзівіўся ўладальнік персанальнай «Волгі».
– Пачвары, – абражана ўзвыў вадзіцель, – зараз палічым. – I рвануў з пляча стрэльбу.
Але яго апярэдзіла паслужлівая каманда з «казак-электрона». Чатыры стрэлы зліліся ў адзін. Рэха яшчэ лунала, шапацела па дуброве, скокам бегла па рацэ і сенажаці, а дзве дасціпна схіленыя з гнязда птушыныя галавы, як бел-чырвона-белыя сцягі, з шапаценнем крывавячы маладую, што не паспела ў першае сваё лета адраджэння яшчэ зашэрхнуць, задубець, лістоту, упалі да ног уладальніка персанальнай «Волгі», які ў ахоўнага колеру шыкоўным паляўнічым сваім касцюме амаль помнікава-бронзава стаяў пад дубам. Быў ён сінявокі, шырокі тварам і целам, па-бацькоўску ўсмешлівы. – Варты сапраўднага паляўнічага стрэл, – па-бацькоўску ўхваліў ён стралкоў. Але не паспеў яшчэ закончыць гэтую хвалу, як буслінае гняздо ўзляцела разам угару. Памкнула ўгару дымным воблакам пылу і пер’я, чорнассохлымі суччамі-галавешкамі, белаю пенай шырока распасцёртых птушыных крылаў. Здавалася, пякучы слуп полымя і агню выхапіўся з макаўкі дуба і пайшоў у сіняе неба. Дуб стрэліў агнём у сонца і падпаліў сам сябе.
То з вышыні нябёс лілася ўжо на яго кроў бусла і бусліх, мёртвых, абезгалоўленых, як лілася яна з цела чалавека ў сталінскіх катавальнях ва ўнітазы ў прыбіральнях. Разлучаныя з жыццём птушкі ўсё ж паспелі выкінуцца з гнязда і, акрапляючы крывёю лістоту і вопратку сваіх забойцаў, спланіраваць на зямлю, упасці пад дубам каля ног магутнага ўладара, цара прыроды – чалавека. Бусел і бусліха, бацькі. А трое маладых вінтом пайшлі ў неба, да сонца. Трое птушанят – вялікая рэдкасць для звычайна нешматлікай буслінай