Неруш. Віктар КазькоЧитать онлайн книгу.
і перапалоханыя княжборцы адкавалі ў кузні крук, ці не такі, што сёння ў тэлеграфныя слупы ўкручваюць, стары Махахей, дзед яшчэ Цімоха, не пашкадаваў парасяці. Засмажыла яго баба, як госцю самаму пажаданаму, цалкам на ражне – і па крук, а крук на вяроўчыну і ў яму разам са смажаным парасём. Другі канец вяроўкі прывязалі да дуба і сталі чакаць. Доўга ці коратка чакалі, тое ўжо забылася, проста так чакалі ці было яшчэ адно парася смажанае і пад парася нешта было – гэтага ў памяці таксама няма. А вось што біўся ён, Цімошык, з хлопцамі: хто выцягне тое балотнае страшыдла, каму яно ўслугоўваць будзе – пра гэта добра помніцца. Меў жа ён усе правы на тое страшыдла, з іх жа хлява парася было, і шкада яму было таго парасяці, таму і біўся. Але раптам бойка гэтая скончылася, затросся, што асіна, дуб на беразе старыцы, ухапіліся мужыкі, цягнуць вяроўку, бачаць – не сцягнуць ім. Махахей-дзед гармонік убок, пару волікаў падагнаў. І валы перш, здаецца, кранулі, перамаглі страшыдла, пацягнулі яго з вады. Але два крокі зрабілі, а на трэці і іх не хапіла, павяло волікаў кудысьці ўбок, задрыжалі ногі, нібыта яны выпіць выпілі, а заесці не паспелі.
– Цоб-цоб-цоб, – закрычалі мужыкі волікам, а тыя як і не чуюць, хістаюцца ўжо.
– Нячысцік, нячыстая сіла, – загаласілі бабы. Цімох з хлопцамі кумільгом з дрэва. А волікі ўжо на каленях стаяць.
– Ой, прапалі валы, ой, няма ўжо волікаў нашых, – схапілася за галаву старая Махахеіха. – Грала старое, дурань сівы.
– Рэж, сячы вяроўку, – падліў масла ў агонь Барздыка.
Я табе секану, я табе разану, – гэта Махахей. I волікаў яму шкада, і вяроўку шкада, і парася марна страціў – за ўсё адказваць яму перад жонкай. А тая ўжо друк ухапіла.
– А вось табе волікі, а вось табе кабанчыкі… I кабанчыка няма. I гармонік – грала тваё чортава ўтаплю.
– Тані, гары яно гарам усё – і волікі, і кабанчыкі з музыкай разам, хоць чорта жывога пабачу.
– Чорт, чорт! – залямантавалі бабы. А валы ўжо хрыпелі. Возера калыхнулася і рушыла на бераг, раздалася, як ні да дна, расступілася вада над ямай, здаецца, паднялася вада ўгару і плюхнула на людзей, па валоў. Махахей схапіўся за вяроўку, ратуючы жывёлу і маёмасць сваю, а апынуўся ў старыцы, нехта з Барздык усё ж не вытрымаў, паласнуў нажом па вяроўцы.
– Дзядуля, – заенчыў Цімошка.
– Туды табе, старому дурню, і дарога, – сказала Махахеіха.
Але Махахея выцягнулі з вады, сам ён, дапамагаючы сабе мацюком, выплыў. А чорт, нячыстая сіла знікла.
– Ты хоць бачыў яе? – пыталі Махахея мужыкі.– На каго яна падобна?
– Бачыў… На жонку маю яна падобна, таму і не прыняла мяне.
Невядома, каго бачыў дзед, а вось сам ён, Цімох Махахей, падзівіўся на тое страшыдла, што лавілі, ды не спаймалі княжборскія мужыкі. Карчавальнікі на выхадны падскочылі да іх парыбачыць, і колькі шапак толу, якімі пні рвалі, кінулі яны ў тую яму, цяжка і падлічыць, але грымнула так, што Махахей, у адным споднім, з хаты выбег. Карчавальнікі падважвалі, падцягвалі да