Неруш. Віктар КазькоЧитать онлайн книгу.
цяжка. Яны Дзям'яны. А дзед Дзям'ян яшчэ і зараз, мінулым летам, з дзем'янятамі сваімі. паехаў па сенажаць. У былую дуброву паехаў грабці сена. Зграблі сена, скідалі ў стог, наклалі на воз, высеклі, кінулі зверху рубель, хапіліся ўціскаць – няма чым, забыў, у сенцах пакінуў Дзям'ян вяроўку. I так яму прыкра зрабілася, што ён скокам узляцеў, як малады, на стог і так раўнуў: «Сцяпане, вяроўку!» – што пляменнік з вяроўкай у зубах прыджгаў. А ад пакосу Дзям'янавага да сяла, ні мала ні багата, тры кіламетры. Вось якая глотка ў гэтых Роўдаў. Хто іх перагарлае? Але гарлалі ўсё ж у вёсцы больш Барздыкі ды бабы Махахеяў. Адстойвалі першынства ды верхнасць сваю. А адстойваць гэта прыходзілася часцяком. Варта было толькі Махахеевай курыцы Барздыкаў гарод перапароць, як усчыналіся войны і змаганні. Шалелі бабы ад цішыні, прыгажосці, спакою, ад абшару і абсягу, ад вады, дубровы, не браў іх мір і ў раі. А рай зямны, безумоўна, калі ён быў, то быў у княжборы. Але калі існавала на зямлі і пекла, то лепшага месца, чым Княжбор, прыдумаць яму было немагчыма. Апошнія пяць гадоў перабралася гэтае пекла ў Княжбор. Разверзліся хлябі нябесныя, адчыніліся рэкі і азёры падземныя, з усяго свету абрынулася вада на Княжбор і затапіла яго – ні праехаць ні прайсці. Першы год княжборцы жылі, як жылі і да гэтага, грунтоўна і нязвадліва: ці то яны не палешукі, ці то першая паводка ў іх жыцці, іншым годам іх жа па тры, а то і чатыры запар выпадае. Самая першая – гэта яшчэ зімой, напрадвесні, калі яшчэ і рэчка пад лёдам, з Карпат прыходзіць вада; другая – вясновая, пасля крыгаходу ўжо; а трэцяя – улетку, зноў Карпаты ваду пускаюць – самая небяспечная, таму што ўсё ўжо ў зямлі і ўсё вымакае і гніе; і апошняя – восеньская. Так што вада, хоць і бяда, але звыкліся ўжо з гэтай вадой палешукі, не першы год жывуць на зямлі, чаго толькі ў гэтым жыцці не зведалі, хапіла і горкага, і салодкага. I вада была, і суша, і пажары праляталі тут, і войны не абміналі. Ні адна вартая ўспаміну бойка не мінула іх. Калупні іх зямлю і наткнешся на костку татарскую, шалом і чэрап шведскі і германскі, і свежанькі чарапок, нямецкі. На іх драўлянымі крыжамі засеяным пагосце па сённяшні дзень урастаюць у зямлю каменныя крыжы, глыбы, на якіх не нашымі літаркамі пісана. Ніхто з княжборцаў тых літарак не разумее, але ведаюць, што чужынцы там, пад тым каменнем, адпачынак знайшлі. З чым ішлі, тое і атрымалі: амінь. А непадалёку ад тых камянёў, ад могілак вясковых, узвышаюцца на іх палескай зямлі курганы з белага пяску, зусім ужо старажытныя магільнікі, невядома толькі – чые. Ні погалас, ні паданне не данеслі да нашых дзён нічога, аніякай памяці аб гэтых магільніках: мо крыж недарэмна сюды плыў. Так, пэўна, і трэба, што пра ліхое згадваць. Тыя ж, у магільніках, сваё атрымалі. Усё зведалі, усё спасціглі за свой доўгі вясковы век палешукі-княжборцы, выстаялі, перацёрлі, змалолі ўсё ў муку, у пацяруху, і чужынцаў тых, падняць бы іх зараз з зямлі, паставіць адзін да аднаго – Белай Русі не хапіла б, і беды свае, уласныя ўжо, не зламалі іх, і агонь не спаліў, выстаяць яны і перад гэтай вадой, вадой-бядой.
Але ішлі вёсны, а за імі яшчэ большая вада,