Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
імя хворага… – нагадаў Пранціш. Юдыцкі выплюнуў на срэбны паднос яшчэ адзін перажаваны кавалачак. Лёкай адыйшоўся, з цікаўнасцю паглядаючы на чарговую дзівосную страву, да якой пацягнуўся відэлец пана. Ясная рэч, усё, што на стале застанецца – а застанецца шмат – даядаць будзе прыслуга.
– Гэта адна з умоў нашага кантракту, дарагі пан Вырвіч, – у голасе суддзі трошкі дадалося металу. – Ніякіх імёнаў, ніякіх роспытаў. Не варта назаляць цікавасцю і без таго абяздоленай персоне, і не варта распаўсюджваць звесткі, што ў паважанай сям’і ёсць такі… прэцэдэнт.
Між тым іншы слуга прынёс і паклаў на стол два цяжкія мяшэчкі, у якіх спакусна бразнулі манеты. Вырвіча раздзірала на часткі, як гаспадара прабітага пасярэдзіне ракі чоўна, які і мех з золатам кінуць не хоча, і разумее, што з гэтай ношкай да берага не даплыве. Не, мусіць, трэба ўсё ж з доктарам параіцца…
– Няхай вашамосць дасць мне час абдумаць гэтую пачэсную прапанову.
Юдыцкі не пакрыўдзіўся і не засмуціўся.
– Мы не развітваемся, пан Вырвіч. Вашу долю вазьміце, а доктараву забярэце пасля. Шчырыя прывітанні ад мяне пану Лёдніку! Перадайце, што я строга выконваю ягоныя рэкамендацыі, чаму вы былі сведкам.
Толькі на вуліцы Вырвіч зразумеў, як увесь гэты час яго не пакідала напруга. Так што зараз нібыта ўпалі нябачныя ланцугі. Але што за хітраван гэты суддзя—угаварыў Пранціша на сваё даручэнне, хаця той ад пачатку ні дробачкі даверу не меў.
Трыста талераў… Пранціш узважыў у руцэ цяжкі мяшэчак. Прыкупіць зямлі ў радавым Падняводдзі, якое калісь усё належала продкам… Вярнуць славу роду… Арабскага жарэбчыка набыць, як у пана палкоўніка… Маністы для адной гожанькай кабеты з вуліцы Шкельнай… Толькі курыца ад сябе грабе. Вось толькі што Лёднік скажа? Слова сваё назад не забярэ, але…
Па дарозе Пранціш зноў завітаў у знаёмую карчомку, дзе падавалі піва, моцнае, як шляхецкае слова, і з куфлямі бегала гожанькая шынкароўна Рыўка, з вуснаў якой у цёмным закутку драгун сарваў не адзін салодкі пацалунак. Шынкароўна госцю ўзрадвалася, піва было на славу…
“Па вуліцы, ля студніцы мне з табою не хадзіці,
Чарнявае, бялявае за ручаньку не вадзіці!”, – выводзіў нястройны хор п’яных галасоў, і жыццё на некалькі туманістых хвіляў набыло сэнс.
Так што калі Вырвіч вярнуўся ў дом з зялёнымі аканіцамі, мяшэчак з манетамі быў трохі лягчэйшы, а вусны самі сабой напявалі песеньку пра сівога каня, які ўсё бяжыць-бяжыць, пакуль дзяўчыначка да шлюбу не з тым малойцам ідзе…
А ў доме быў госць.
Вырвіч нават рот па-дзіцячы раззявіў, утаропіўшыся ў прыхадня, як гусь на бліскавіцу. Маленькі шчуплы старэча з жоўтым зморшчаным тварам, з вузкімі, як прарэзанымі нажом, вачыма быў апрануты ў сіні халат і смешную шапачку з пампонам, бародка і вусы рэдкія, так, некалькі сівых валасінак. Але, калі ўгледзецца, ад усяго аблічча сыходзіў ціхі спакой, на дне якога драмала нешта небяспечнае, як у сухім калодзежы кубло гадзюкаў. Кітаец, ці што? Адкуль Лёднік яго выпараў?
Не тое, каб Пранціш ніколі