Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
да рымскага прастолу, дзе, магчыма, пан і будзе ацэлены. Але карэту трэба суправадзіць. А дзе знайсці надзейнага чалавека, які гэта зробіць? Апекуны хворага гатовыя такому заплаціць дзвесце дукатаў.
Вырвічу ажно дух заняло. Менавіта за дзвесце дукатаў Лёднік калісьці і запрадаў сябе ў рабства – запазычыўшыся на рэдкія інгрэдыенты для здабывання філасофскага каменю. Пасля гэтыя грошы князь Багінскі ахвяраваў Лёдніку, каб той выкупіў сябе на волю і ў падзяку палез разам з Саламеяй у полацкія сутарэнні, здабываць рэліквію для будучага караля. Якім, вядома, павінен быў стаць Міхал Багінскі. За дзвесце дукатаў многа можна купіць! Гэта два гадавыя заробкі падхаружага Вырвіча!
– Думаецца, які —небудзь малады драгун мог бы і ўзяцца, – задумліва прамовіў Пранціш. – Плата някепская… Толькі…
Юдыцкі, які звык аrgenteis hastis pugnare, змагацца срэбнымі дзідамі, па-свойму растлумачыў ваганні маладога госця і дадаў:
– Прабачце, ваша мосць, маю някемнасць… Вядома, мне трэба было адразу назваць плату ў трыста дукатаў!
Вырвіч няпэўна хмыкнуў, спрабуючы схаваць узрушэнне. І мімаволі прыпомніў папярэджанне Лёдніка, што самы смачны кавалачак сала гаспадар кладзе ў пастку. Успамін пра доктара тут жа матэрыялізаваўся, бо Юдыцкі зноў лісліва ўсміхнуўся бледнымі адтапыранымі вуснамі, словы яго ліліся, як мёд на заручынах непрыгожай старой дзеўкі:
– Ваш камандзір ацэніць, калі выканаеце гэтую справу, дарагі пан Вырвіч, магчыма, і наконт вашага павышэння па службе справа зрушыцца. Але вось незадача… Для суправаджэння хворага патрэбны не толькі вой, але і доктар. І самы таленавіты. Вось бы такі майстар, як ваш сябар, прафесар Лёднік! Для яго была б і цікавая практыка, і ганарар шчодры! Але, выбачайце, я разумею, што гэта немагчыма, прафесар заняты, да таго ж, не дужа прыслухоўваецца да маладзейшых… – Юдыцкі перабольшана сумна ўздыхнуў. – Наўрад пан Вырвіч мае на яго цяпер нейкі ўплыў. Не думаю, што доктар – а ён цяпер такая важная персона – згадзіўся б паехаць з панам Вырвічам, простым драгунам, у Гуту.
Вырвіч раздражнёна прыкусіў губу. Юдыцкі што, лічыць, быццам сын полацкага гарбара цяпер настолькі ўзняўся над нашчадкам Палямона?
– Вось яна, сваволя Фартуны… – пацягваў Юдыцкі, робячы выгляд, што не заўважае перайманняў госця. – Учорашні слуга сёння камандуе сваім панам… Хаця, між намі кажучы, – голас Юдыцкага зрабіўся агідна-змоўніцкім, – зараз шаноўнаму прафесару лепей за ўсё таксама на час з’ехаць з Вільні. Пасля ягонага вельмі смелага дакладу.
Нельга сказаць, каб Пранціш зусім не западозрыў падвойнага дна. Больш за тое – Пранціш быў упэўнены, што гэтае дно існуе, і вельмі гразкае. Але зарабіць за які тыдзень-два трыста з верхам дукатаў! А галоўнае, Вырвіча вельмі пакрыўдзіў намёк суддзі, што Лёднік ім камандуе, пагарджае меркаваннем былога гаспадара. І праўда, чаму пан Пранціш Вырвіч даў над сабою столькі ўлады нейкаму прасталюдцу, якога некалькі год таму меў права сцябаць бізуном з ранку да вечара! Цёмнае, балючае адчуванне несправядлівасці,