Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
Ася паведаміла сваім сямейнікам, што яе ўласную кватэру пабудавалі і яна збіраецца хутка туды пераехаць, маці трохі пакрыўдзілася, што дачка не дзялілася з ёй навінамі пра будоўлю, але ўсё-ткі накрыла ўрачысты стол… Бабуля паглядала на малодшую ўнучку з прыхаваным гонарам – яна цаніла ў людзях самастойнасць. А Гоша, падвыпіўшы, пачаў гучнагалосна наракаць на несправядлівасць – вось, Ася адзінокая, і ў яе цяпер будзе асобная кватэра. А яны з Марго – сямейныя, дзіця малое… І няхай бы Ася засталася тут, а іх пусціла пажыць у новую хату «по-родственному», альбо яны згодныя застацца тут, а няхай Ася забярэ з сабой маці і бабулю…
– Самыя ж блізкія твае людзі! – пранікнёна гарлаў Гоша, а Марго маўчала, гледзячы ўбок, нібыта гэта яе не тычылася, але ўсё-ткі дзесьці, падобна, спадзявалася – а раптам у буржуйскай душы сястры прачнецца мецэнацтва. Косцік, хударлявы і пракудны, як гарадскі верабей, першакласнік, меланхалічна жаваў скрылёк сыравэнджанай каўбасы і паныла пазіраў у бок калідора – як і цётка, ён пры найменшай магчымасці намагаўся ўцячы з дома.
– Гэта мая кватэра! – скрозь зубы прамовіла Ася і пайшла на балкон – адзінае месца, дзе магчыма было хоць сімвалічна адасобіцца. А пасля ўсю ноч ціха плакала ў падушку, не ў змозе перамагчы адначасова пачуццё віны і крыўду. І не выратоўвала, што маці і бабуля доўга адчытвалі Гошу на кухні: лайдак, труцень, пасаромеўся б рот раскрываць, жывеш у чужым доме, на чужым хлебе, хто табе не дае крэдыт узяць ды кватэру пабудаваць, дзяўчына сваім гарбом кватэру займела, мае права на асабістае жыццё.
Пасля пераезду Ася дужа рэдка заходзіла да радзіны. І да сябе не запрашала. Не дужа спяшалася і з уладкаваннем асабістага жыцця. Сядзела ў свядомасці стрэмкай: вядома, на гатовую кватэру любы паквапіцца… А каханне? У каханне Ася звыкла не верыла – прынамсі, у тое, што могуць пакахаць яе. Мужчыны прыходзілі, абувалі скураныя чорныя пантофлі з вышываным надпісам «Speed», незадаволена адзначаючы, што яны ў гэтым доме не першыя. Пілі прынесенае імі віно, гаварылі прыемнае, ну, кшталту, што яна падобная да прыгажунь дзевятнаццатага стагоддзя з партрэтаў Карла Брулова… Цалаваліся… Часам чыталі вершы, часам спрабавалі расшпіліць на Асі спадніцу… Ага, разбегліся. Хопіць з яе «мордай аб асфальт», што яна сабе ўсё-ткі зарганізавала на васямнаццацігоддзе, пайшоўшы «паслухаць музыку» з нейкім падобным да Анатоля Сыса ў маладосці пэтэвушнікам на хату да ягонага сябра… Выдатна разумеючы, чым усё закончыцца, але жадаючы раз і назаўсёды пазбавіцца ад рамантычных мрояў у духу матчынага чытва і займець «сур’ёзны жыццёвы досвед», які неабходны пісьменніку. Эксперымент прайшоў удала. Не, хлопец быў, як умеў, пяшчотны, і нават напаіў яе шампанскім. Але Ася толькі пасля пачала ўсведамляць, што нарабіла. І што цнатлівасць – гэта больш, чым маленькая фізіялагічная падрабязнасць, забабоны і стэрэатыпы. У адсутнасці кахання атрымалася адчуванне такой страшэннай згубы і ганьбы, што Арсенія нават бачыла ў дальнім куце пакоя празрыстую