Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
Марк пацягнуў дзяўчыну ў супрацьлеглы ад крыку бок.
Магда ўпіралася і крычала:
– Кастусь! Стой! Пачакай! Мы міліцыю паклічам!
– Ідыёт твой Кастусь! Ты не будзь ідыёткай! Бяжым!
Але постаці ў чорных скураных куртках з заклёпкамі абкружылі Магду і Марка. Яны не былі страшныя – падлеткі ў скуранках. Сімпатычныя твары, дагледжаныя, спартыўныя целы… Страшнымі былі вочы. Пустыя, як у аглушанай рыбіны.
– Вашыя дзяды тут таксама могуць ляжаць, – Кастусёў голас зрываўся ад гневу.
Магда зірнула з-за Маркавага пляча. Гісторык, неяк дзіўна выпрастаўшыся, ішоў між двух падлеткаў, якія быццам па-сяброўску да яго прыціскаліся. Раптам Магда зразумела, што яму заламалі рукі. Дзяўчына не паспела ні спалохацца, ні ўсвядоміць, што адбываецца: так імкліва ўсё здарылася. Адзін з прыхадняў зароў:
– Яны ў нашым склепе капаліся!
Хутка са склепа данесліся лаянка і выццё. Няўжо з-за кансерваў хвалююцца?
– Ампулы дзе?!! – вочы іх зрабіліся зусім белыя.
– Умазку нашу забралі!
– Ды яны мянты!
Магда нічога не разумела. Да Марка падышоў хлопец у скуранцы. Ён быў нашмат старэйшы за пуставокую дзятву. Смуглявы твар з жаўцізной. І вочы не шалёныя, як у тых. Разумныя, нават сумныя вочы. Як у добрага гаспадара, які ідзе калоць любімае свінчо.
– Адкуль ведалі пра ўмаз? Аддайце…
– Паслухайце, мы нічога не ведаем пра ваш «умаз». Гэта непаразуменне. – Марк гаварыў важка, унушальна…
Смуглявы зіркнуў на яго раскосымі вачыма амаль весела.
– А якога ражна перапаролі склеп? Костачкі калекцыяніруеце?
– Гэта я іх сюды прывёў! – Кастусь таксама гаварыў цвёрда і важка, і ўсе павярнуліся да яго. – Я гісторык! Зараз пакажу пасведчанне з інстытута. Я маю права на археалагічныя даследаванні.
Кастусь падняў свой джынсовы заплечнік, які валяўся ля ўвахода ў скляпенне, дастаў зялёную кніжачку. – Вось… – Смуглявы ўзяў дакумент, няўважна пакруціў у руках і кінуў назад Кастусю. – А ў гэтай гільзе былі дакументы, якія нас цікавяць.
– Праўду казаў Цяпа! Знайшоўся пакупнік на паперкі! – выгукнуў нехта за спінай Магды. – А мы іх паліць хацелі!
Са склепа даляцела адчайнае:
– Цяпа! Яны бібулкі з кайфам патрушчылі! Усе пяць! Смуглявы спыніў скавытанне сваёй зграі.
– Што рабіць будзем?
Марк па-ранейшаму гаварыў ветліва і спакойна, але Магда са здзіўленнем заўважыла, што ён успацеў.
– Мы, відаць, зрабілі вам нейкую шкоду. Гэта выпадкова. Мы кампенсуем.
– Сто рублёў,– змрочна кінуў смуглявы, якога чамусьці гэтак смешна і бяскрыўдна звалі Цяпай.
– Марк, не турбуйся, – вінавата прагаварыў Кастусь. – Гэта цалкам мая віна. Я знайду грошы. А вы, – звярнуўся Сташынскі да смуглявага, – як я зразумеў, маеце патрэбныя мне дакументы. Я гатовы таксама выкупіць.
Цяпа падумаў.
– За паперкі вашы цана спецыяльная. Нясі яшчэ сто – не памылішся. А можа, мне яшчэ што заманецца. Я фантазёр. Ну, шуруйце за грашыма… Дзяўчынка